Мінск 17:37

Нацбанк пакуль не плануе пераглядаць стаўку рэфінансавання

Архіўнае фота: soyuz.by

29 студзеня, Позірк. На гэты момант ніякіх планаў па пераглядзе стаўкі рэфінансавання Нацыянальны банк не мае, заявіў першы намеснік кіраўніка рэгулятара Аляксандр Ягораў 29 студзеня пасля пашыранага пасяджэння праўлення НБ.

“У нас свая, незалежная грашова-крэдытная палітыка, і стаўку рэфінансавання мы вызначаем, не аглядаючыся на некага, зыходзячы з тых умоў, якія складваюцца ў нас у эканоміцы, — падкрэсліў чыноўнік (на падставе відэазапісу ў тэлеграм-канале НБ). — Наш прагноз утрымліваецца ў асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі. Дынаміка стаўкі рэфінансавання, яе рух будуць залежаць ад таго, як будуць складацца знешнія і ўнутраныя ўмовы”.

Кажучы ў цэлым пра стаўкі, якія дзейнічалі на рынку напрыканцы 2025 года, ён адзначыў некаторае зніжэнне: “Можа, ненашмат, не на працэнтныя пункты, а на дзясятыя працэнтнага пункта, але тым не менш дынаміка прысутнічае”.

Акрамя таго, сказаў Ягораў, рэгулятар прыняў рашэнне па разліковых велічынях стандартнай рызыкі, у тым ліку з мэтай “пэўнага зніжэння ставак у эканоміцы, і перш за ўсё па інструментах, скіраваных на стымуляванне эканамічнага росту”.

Асноўная задача рэгулятара, паводле слоў спікера, заключаецца ў тым, каб “набліжацца паводле ўзроўню ВУП на душу насельніцтва да краін-партнёраў, і перш за ўсё да <…> асноўнага гандлёвага партнёра — Расійскай Федэрацыі”.

У Нацбанку не бачаць “нейкіх сур’ёзных узрушэнняў”, якія тычацца крэдытнай рызыкі, рызыкі ліквіднасці, фінансавых рызык.

“Існуюць пэўныя пытанні з пункту гледжання функцыянавання асобных прадпрыемстваў рэальнага сектара. Мы нацэльваем банкі на тое, каб яны адэкватна і кансерватыўна падыходзілі да ацэнкі крэдытнай рызыкі, перш за ўсё тых прадпрыемстваў, у якіх назіраецца зніжэнне чыстага прыбытку, для таго каб у будучым гэта не стварыла перадумоў для рызыкі непасрэдна ўжо ў самога банкаўскага сектара”, — падкрэсліў Ягораў.

25 чэрвеня 2025 года рэгулятар падвысіў стаўку рэфінансавання з 9,5% да 9,75% гадавых.

Нацбанк не стаў мяняць на люты значэнні разліковых велічынь стандартнай рызыкі, вызначаныя на студзень:

  • па новых тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладах (дэпазітах) фізічных асоб у рублях з тэрмінам вяртання ад 1 да 3 гадоў — 14,82% гадавых;
  • для новых крэдытаў, выдадзеных фізічным асобам (за выключэннем ільготных), — 18,92%;
  • для новых крэдытаў, выдадзеных юрыдычным асобам (за выключэннем ільготных, інвестыцыйных), — 13,06%;
  • для новых інвестыцыйных крэдытаў, выдадзеных юрыдычным асобам (за выключэннем ільготных), — 11,8%.
Падзяліцца: