Лукашэнка адмовіўся пераводзіць кіраўніка Мінска на працу ва ўрад

29 студзеня, Позірк. Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў і гендырэктар агракамбіната “Дзяржынскі” Уладзімір Лук’янаў застануцца на сваіх пасадах, нягледзячы на просьбы органаў улады пра іх перавод.
Адпаведнае рашэнне па выніках сустрэч з імі 29 студзеня прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла журналістам яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант.
“Па ўсіх запрошаных сёння да кіраўніка дзяржавы былі просьбы ўрада і прапановы Адміністрацыі прэзідэнта пра перамяшчэнне іх на іншую працу, — паведаміла яна (на падставе відэакаментарыю ў неафіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы Лукашэнкі). — Па выніках праведзеных размоў прэзідэнтам гэтыя прапановы былі адхіленыя. З іх згоды ўсе застаюцца на сваіх месцах і пасадах. Вядома, з кожным з дакладчыкаў прэзідэнт, як і анансаваў, правёў мужчынскую размову. Плюс, вядома, у абавязковым парадку ўлічваў і тое, што кожны з запрошаных сёння на размову дастаткова добра дае рады сваім абавязкам і на цяперашнім месцы працы”.
Паводле інфармацыі прэс-службы палітыка, на сустрэчы з Кухаравым Лукашэнка заявіў, што яму “многія дакладваюць наконт не тое <…> жадання [кіраўніка Мінска], не тое нечага жадання перайсці працаваць ва ўрад”.
“Дзе б вы ні працавалі, вы ведаеце, што працы заўсёды хапае, — абазначыў ён сваю пазіцыю па гэтым пытанні. — Тым больш у вашым узросце (Кухараў нарадзіўся ў 1972 годзе. — “Позірк”.) яшчэ трэба і трэба ўпірацца і даказваць і мінчанам, і народу, што вы нямала гатовыя зрабіць і зробіце. <…> Пасада гэтая няпростая. Гэта, яшчэ раз падкрэсліваю, сталіца”.
Лукашэнка спачатку заявіў, што “вялікіх праблем” у Мінску не бачыць, аднак пазней адзначыў, што размова пра перавод Кухарава не звязаная з тым, што “ў Мінску <…> катастрафічна дрэнна”. “Недахопаў хапае, як усюды. Пажадана, каб паменш”, — сказаў ён, дадаўшы, што ён “не мае вялікіх прэтэнзій да цяперашняга кіраўніка Мінска”.
У кіраўніка Мінсельгасхарча Лукашэнка цікавіўся, “якая сітуацыя цяпер у сельскай гаспадарцы”, асабліва “з захаванасцю жывёлы”, а таксама “якія рэгіёны <…> наперадзе, а якія адстаюць”. “І, самае галоўнае, прычына таго, што мы недзе не спрацоўваем”, — сказаў ён.
Палітыка цікавіла, “як вырашаюцца раней пастаўленыя задачы па аднаўленні і арганізацыі працы раённых арганізацый, такіх як райаграсэрвіс, райсельгасхімія, будаўнічыя арганізацыі”.
“Каб у руках у старшыні райвыканкама (ты працаваў старшынёй райвыканкама, ведаеш, што гэта такое) быў нейкі інструмент для таго, каб не проста сядзець у кабінеце і “рукамі вадзіць” — кіраваць некім. Але каб ён меў інструмент на нешта ўплываць і аказваць дапамогу і падтрымку. Мы маем шэраг раёнаў, якія гэтыя задачы вырашылі. І ўвесну, вядома, мы паедзем туды і запросім адпаведных службовых асоб, каб яны разумелі, як гэта трэба зрабіць”, — заявіў Лукашэнка.
Лук’янава спікер заклікаў не “збіраць грошы зараз, каб яны недзе мёртвым грузам ляжалі, нават на рахунках у банку”, а ўкладваць іх “у справу”.
“Мы будзем вас да гэтага стымуляваць. Тым больш дзяржаўных людзей, дзяржаўныя прадпрыемствы. Ды і прыватныя. Яны ж да нас таксама звяртаюцца за падтрымкай. Ну дык давайце, вырашайце дзяржаўныя пытанні. Таму трэба ўкладвацца. А куды ўкладвацца? Трэба ўкладвацца ў прадпрыемствы, калгасы, саўгасы, у зямлю трэба ўкладвацца. Таму што адтуль корм і адтуль збожжа, якое для тваёй птушкі трэба будзе. І калі свініна будзе, яшчэ нешта… Гэта ж зерне. Ты ж не накорміш свіней і асабліва птушку нейкім сенам, саломай або сіласом — трэба будзе збожжа. Таму трэба ўкладвацца”, — арыентаваў ён суразмоўцу.
Лукашэнка паведаміў, што яму вядома пра жаданне Лук’янава працаваць ва ўрадзе, але заявіў, што той яшчэ “мае патэнцыял” і гендырэктар агракамбіната яшчэ можа “даць карысці на канкрэтнай вытворчасці”.


- Грамадства, ПалітыкаУзаемадзеянне па ахове агульных рэк прыпыненае з усімі суседзямі, акрамя Расіі — прадстаўніца МінпрыродыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаЗа 18 гадоў пакупніцкая здольнасць сярэдняга заробку ў пераліку на золата скарацілася ўтрая — дырэктар "Крышталя" (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаУ 2025 годзе ў Мінску прададзена на 21% менш жылля, чым у 2024-м (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦэлы тыдзень не фіксуюцца спробы нелегальна перасекчы мяжу ЕС з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаПрадпрыемствы "Белдзяржхарчпрама" пастаўляюць прадукты ў паўсотні краін, сярод найбольш экспартаванага — цукар, дрожджы, алкагольМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства

