Мінск 22:21

Вільнюс паведаміў Мінску пра жаданне ўдзельнічаць у ацэнцы ўздзеяння сховішча радыеактыўных адкідаў, якое плануе пабудаваць Беларусь

Ілюстрацыйнае фота: Аляксандра Бардаш / unsplash.com

27 студзеня, Позірк. Пра жаданне ўдзельнічаць у ацэнцы трансгранічнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе “пляцоўкі для выдалення і часовага захоўвання радыеактыўных адкідаў”, якую плануе пабудаваць Беларусь, заявіла Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя Літвы.

Прэс-служба літоўскага ведамства 27 студзеня заявіла, што адпаведная пазіцыя перададзеная Мінску.

У паведамленні нагадваецца, што “ў якасці магчымых месцаў рэалізацыі запланаванай гаспадарчай дзейнасці разглядаюцца Гродзенская, Гомельская і Магілёўская вобласці”. Пляцоўка, паводле прыблізных ацэнак, зойме 1 кв. км. Пабудаваць яе плануецца за 2028–2030 гады, пачаць выкарыстоўваць — у 2030-м (на працягу 100 гадоў). Прыняць рашэнне пра будаўніцтва, як заяўлена, Мінск мае намер у 2026 годзе.

Адзначаецца, што літоўскае ведамства прадставіла Беларусі “абагульненыя заўвагі літоўскіх дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый адносна будаўніцтва пляцоўкі”.

“Літва звярнула ўвагу на тое, што ў перададзенай Беларуссю праграме ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе няма істотнай інфармацыі пра тэхнічныя рашэнні запланаваных аб’ектаў, віды і аб’ёмы радыеактыўных адкідаў, тэхналогіі абыходжання з імі, а таксама абгрунтавання бяспекі іх доўгатэрміновага захоўвання і выдалення, — гаворыцца ў паведамленні. — Падкрэсліваецца, што ў ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе мае усебакова разглядацца ўплыў як эксплуатацыі запланаваных аб’ектаў, так і аварыйных сітуацый на навакольнае асяроддзе і здароўе насельніцтва, уключаючы магчымае ўздзеянне на суседнія дзяржавы”.

Міністэрства заявіла, што неабходна дакладна абгрунтаваць крытэрыі выбару месца для будаўніцтва пляцоўкі і ацаніць блізкасць да літоўскай мяжы, стан трансгранічных паверхневых і падземных водных аб’ектаў, размеркаванне насельніцтва, а таксама магчымы перанос радыенуклідаў па паветры і вадзе. Літоўскі бок адзначыў, што пры ацэнцы ўздзеяння павінны разглядацца “розныя сцэнарыі распаўсюду радыенуклідаў і ўсе магчымыя шляхі апраменьвання, а не толькі выкарыстанне пітной вады”.

Падкрэсліваецца, што ацэнка трансгранічнага ўздзеяння “мае адпавядаць міжнародным патрабаванням ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, а таксама лепшым практыкам, а магчымае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе не павінна загадзя ацэньвацца як лакальнае — без прадастаўлення падрабязных вынікаў разлікаў і мадэлявання”. Звяртаецца ўвага, што трэба прадугледзець “трансгранічны маніторынг навакольнага асяроддзя і абмен інфармацыяй з суседнімі дзяржавамі”.

“Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя сумесна з іншымі ўстановамі ў працэсе ацэнкі трансгранічнага ўздзеяння <…> будзе імкнуцца забяспечыць належную ацэнку рызык запланаванай дзейнасці ў Беларусі і адэкватнае прадстаўленне інтарэсаў Літвы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і бяспекі насельніцтва”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пра планы пабудаваць пляцоўку для захоўвання радыеактыўных адкідаў Беларусь паведаміла Літве летась у снежні.

1 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім вызначыў замоўцу і генпадрадчыка будаўніцтва пункта захавання радыеактыўных адкідаў: РУП “Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі” і дзяржпрадпрыемства “Белэнергабуд — кіроўная кампанія холдынга”.

Аб’яднанне BelPol паведаміла 19 верасня са спасылкай на дакумент, які мае ў сваім распараджэнні, што пункт захавання радыеактыўных адкідаў размесцяць ля Беларускай АЭС. Падкрэслівалася, што гаворка ідзе пра сярэдне-і нізкаактыўныя адкіды — фільтры, іонаабменныя смолы, забруджаныя матэрыялы, спецвопратку, інструменты.

23 красавіка паведамлялася, што Дзяржатамнагляд разглядае тры магчымыя пляцоўкі для будаўніцтва пункта захавання радыеактыўных адкідаў: каля БелАЭС, у Магілёўскай вобласці і ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку (Гомельская вобласць).

Збудаванне БелАЭС ля Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася ўвосені 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расійскага праекту, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Адпрацаванае паліва БелАЭС плануецца перапрацоўваць у Расіі — з вяртаннем у Беларусь асобных фракцый.

Падзяліцца: