Мінск 18:23

Мінздароўя лічыць мінімальнай рызыку распаўсюду ў Беларусі віруса Ніпах

Часціцы віруса Ніпах
Ілюстрацыя: National Institute of Allergy and Infectious Diseases / unsplash.com

27 студзеня, Позірк. У Беларусі не зарэгістравана выпадкаў завозу хваробы, выкліканай вірусам Ніпах, паведаміла 27 студзеня прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Ведамства адзначыла, што вядзе пастаянны маніторынг афіцыйных інфармацыйных крыніц, якія публікуюць “звесткі пра далейшае развіццё сітуацыі ў сувязі з успышкаю ў Індыі захворвання, выкліканага вірусам Ніпах”.

“Улічваючы біялагічныя ўласцівасці віруса і эндэмічны характар ​​захворвання, а таксама адсутнасць у фауне нашай краіны прыродных рэзервуараў віруса (трапічных кажаноў — крыланаў), рызыка распаўсюду віруса Ніпах на тэрыторыі Беларусі мінімальная”, — сцвярджае Мінздароўя.

Пры гэтым, як заяўлена, Беларусь мае рэкамендаваныя Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (СААЗ) наборы для дыягностыкі, выяўлення гэтага віруса.

Міністэрства папярэдзіла вандроўнікаў і турыстаў, што “СААЗ класіфікуе вірус Ніпах як патаген высокай рызыкі з эпідэмічным патэнцыялам, то бок тым, якія прыводзяць да ўспышак”. “Хвароба, выкліканая гэтым вірусам, у чалавека праяўляецца па-рознаму — ад бессімптомнага стану да цяжкіх вострых станаў, якія хутка развіваюцца”, — гаворыцца ў паведамленні.

У якасці прафілактыкі Мінздароўя рэкамендавала турыстам, якія накіроўваюцца ў краіны Паўднёва-Усходняй Азіі і Афрыкі, пазбягаць кантакту з хворымі жывёламі, асабліва лятучымі лісамі і мышамі; шчыльнага фізічнага кантакту з людзьмі, якія маюць прыкметы інфекцыйных захворванняў; ужывання вады з неправераных крыніц; старанна мыць рукі з мылам і выкарыстоўваць антысептычныя сродкі; мыць садавіну і гародніну перад ужываннем.

У выпадку з’яўлення прыкмет захворвання неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача.

СААЗ лічыць Ніпах патагенам высокай рызыкі. Паказчык смяротнасці — ад 40 да 75%.

На мінулым тыдні выданне The Economic Times паведаміла пра ўспышку віруса Ніпах у індыйскім штаце Заходняя Бенгалія ў раёне Калькуты. Пацверджана пяць выпадкаў заражэння, сярод якіх урач, медсястра ды іншы супрацоўнік медыцынскай установы. На каранцін змешчана каля ста чалавек, якія кантактавалі з інфікаванымі.

Першыя два выпадкі ў гэтай ўспышцы былі выяўленыя адразу пасля Новага года ў двух медсясцёр, адна з іх у коме. Як мяркуецца, крыніцай заражэння стаў пацыент, які памёр — ад нявысветленага захворвання — да правядзення лабараторных даследаванняў.

Падзяліцца: