Мінск 23:10

Дарадца Ціханоўскай абмеркаваў з прадстаўнікамі мэрыі Вільнюса захаванне беларускай гімназіі ў сталіцы Літвы

Вильнюс
Архивное фото: "Позірк"

26 студзеня, Позірк. Захаванне Беларускай гімназіі ў сталіцы Літвы абмеркаваў дыпламатычны  дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі на сустрэчіы 26 студзеня з прадстаўнікамі Вільнюскай гарадской рады і мэрыі, паведамляе сайт Ціханоўскай.

Сустрэча адбылася “на фоне разгляду радай зменаў да парадку прыёму ў школы, якія могуць абмежаваць доступ дзяцей замежнікаў з часовымі і сталымі дазволамі на жыхарства да навучання ў школах з нелітоўскай мовай выкладання”, адзначаецца ў рэлізе.

З літоўскага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі сябра камітэта па культуры і турызме Рамінта Кершыце, старшыня камітэта па пытаннях адукацыі Вітаўтас Вайцекунас, старшыня эканамічна-фінансавага камітэта Вільнюскай гарадской рады Вігінтас Гаспаравічус і дарадца мэра Вільнюса па міжнародных справах Вікінтас Вайткявічус.

Бакі дамовіліся шукаць рашэнне, якое дазволіцьзахаваць працу Беларускай гімназіі, забяспечыць магчымасць паступлення новых вучняў, працягваць падтрымліваць беларускую мову і культуру ў Літве.

Прадстаўнікам гарадскога самакіравання перададзены зварот за подпісам больш за 200 бацькоў беларускіх дзяцей. 

Літоўскі бок, як адзначаецца, запэўніў, што разумее важнасць беларускай культуры і мовы, асабліва ў кантэксце супрацьстаяння “рускаму свету”, і лічыць важнай інтэграцыю беларусаў у літоўскае грамадства, у тым ліку праз адукацыю.

Акрамя таго, было ўзнята пытанне важнасці захавання Беларускага дома ў Вільнюсе як цэнтра культурніцкага, адукацыйнага і грамадскага жыцця беларусаў у Літве.

25 студзеня пра збор подпісаў пад зваротам да гарадской рады за права дзяцей атрымліваць адукацыю на роднай мове паведаміла Асацыяцыя беларускіх бацькоў у Літве.

Раней паведамлялася, што віцэ-мэр Вільнюса Вітаўтас Міталас унёс на разгляд гарадской рады прапанову аб тым, каб дзеці замежнікаў прымаліся на вучобу толькі ў школы з навучаннем на літоўскай мове. Падкрэслівалася, што гэта можа прывесці да закрыцця адзінай у літоўскай сталіцы беларускамоўнай гімназіі ім. Францыска Скарыны.

Школа з навучаннем на беларускай мове заснаваная ў Вільнюсе ў 1994 годзе. У 1997-м ёй прысвоена імя Скарыны, у 2013-м навучальная ўстанова атрымала статус гімназіі.

Асацыяцыя беларускіх бацькоў зарэгістраваная ў Літве ў верасні 2025 года. Ставіць перад сабой мэту “аб’ядноўваць беларускія сем’і, якія жывуць у Літве, і прадстаўляць іх агульныя інтарэсы”.

Як паведамляў “Позірк”, на 1 студзеня 2026 года дзейны дазвол на пражыванне ў Літве мела 50.286 грамадзян Беларусі. За год колькасць беларусаў — уладальнікаў дакументаў, якія легалізуюць знаходжанне на літоўскай тэрыторыі, скарацілася на 7.225, або на 12,56%.

Падзяліцца: