Мінск 16:24

Колькасць палітвязняў не з’яўляецца ўніверсальным індыкатарам жорсткасці рэпрэсій у Беларусі — даследаванне

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

26 студзеня, Позірк. Колькасць палітвязняў “зараз не з’яўляецца універсальным індыкатарам жорсткасці рэпрэсій”, для аналізу дынамікі ціску “неабходна выкарыстоўваць набор сектарных паказнікаў”. Да такіх высноў прыйшоў у даследаванні “Дынаміка рэпрэсіўнага ціску ў Беларусі” удзельнік Беларускай сацыялагічнай групы Генадзь Коршунаў.

На яго думку, апошнім часам рабіць паўнавартасны маніторынг рэпрэсіўнага ціску становіцца больш складана, бо “з 2024 года беларускі рэжым адмовіўся ад дэманстратыўнасці ціску, а з 2025 года ўвогуле ўключыў рэжым “ціхіх рэпрэсій” — максімальнае прыхоўванне інфармацыі аб рэпрэсіях і пераслед за яе распаўсюд”.

У даследванні прааналізаваныя тыя звесткі, што пакуль застаюцца адкрытымі: спісы “тэрарыстаў” і “экстрэмістаў”, колькасць новых “экстрэмісцкіх арганізацый” і абнаўленні спісаў “экстрэмісцкіх матэрыялаў” (колькасць судоў і колькасць саміх матэрыялаў), колькасць “(сама)ліквідаваных НДА” і звесткі па новых палітвязнях.

Сацыёлаг прыводзіць прычыны таго, чаму, на яго думку, назіраецца тая ці іншая дынаміка ў згаданых колькасных паказчыках.

Коршунаў прыйшоў да высновы, што “ў шэрагу сфер рэпрэсіўная палітыка наблізілася да стану насычэння”: “Сфера НДА і лічбава-інфармацыйная прастора ў значнай ступені зачышчаныя і крыміналізаваныя, адсюль фармальнае зніжэння індыкатараў ціску”.

Такое зніжэнне, лічыць сацыёлаг, “не сведчыць пра змякчэнне рэпрэсіўнага курсу”, яно “адлюстроўвае толькі вычарпанне патэнцыялу для пашырэння рэпрэсій”.

Пры гэтым ён мяркуе, што “ў сферах з неабмежаванай колькасцю аб’ектаў для ціску рэпрэсіі дасюль нарошчваецца”. “Зараз гэта праяўляецца толькі ў росце колькасці новых “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў” (іншыя паказнікі у гэтым кірунку схаваныя пад страхам сваякоў затрыманых і зняволеных)”, — адзначана ў дакуменце.

На думку Коршунава, “трэба ўлічваць, што сферы права і правапрымянення захоўваюць сістэмна рэпрэсіўны характар: змяншаючыся ў адных сектарах і ўзмацняючыся ў іншых, рэпрэсіі ў Беларусі трываюць”.

Беларуская сацыялагічная група (Belarusian Sociological Group) — адкрытая даследчая ініцыятыва беларускіх сацыёлагаў, што працягваюць сваю працу ў выгнанні.

Падзяліцца: