Мінск 16:12

На Бярозаўскай ДРЭС адбыўся пажар, пашкоджаныя камунікацыйныя кабелі

Відэа: прэс-служба МНС / стоп-кадр: "Позірк"

26 студзеня, Позірк. Супрацоўнікі МНС ліквідавалі загаранне на Бярозаўскай ДРЭС (горад Белаазёрск у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці), паведаміла 26 студзеня прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

“Сёння ў службу МНС паступіла паведамленне пра ўзгаранне на тэрыторыі прадпрыемства па вуліцы Шашэйнай, — гаворыцца ў паведамленні. — Пасля прыбыцця падраздзяленняў МНС да месца выкліку назіраўся дым з-пад газатурбіннай устаноўкі”.

“Ратавальнікі ліквідавалі пажар. У выніку здарэння агнём пашкоджаныя камунікацыйныя кабелі. Пацярпелых няма”, — адзначыла ведамства.

Паведамляецца, што на месцы здарэння працавала 9 адзінак тэхнікі МНС.

Бярозаўская ДРЭС — адзін з найбуйнейшых аб’ектаў энергетыкі Беларусі. Станцыя прызначаная для пастаўкі электраэнергіі ў энергасістэму краіны, а таксама для цеплазабеспячэння прамысловых прадпрыемстваў і жытла Белаазёрска.

ДРЭС працуе на газе (рэзервовая крыніца паліва — мазут). Складаецца з чатырох энергаблокаў: двух па 215 МВт, аднаго — 238 МВт, яшчэ аднаго — 427 МВт. Акрамя таго, усталяваныя пікава-рэзервовая энергакрыніца магутнасцю 258 МВт, электракацёл — 30 МВт, а таксама два паравыя газамазутныя катлы (прадукцыйнасць кожнага — 35 т пары на гадзіну).

Паводле даных прадпрыемства “Брэстэнерга”, у 2024 годзе ДРЭС згенеравала 3 млрд 223,355 млн кілават-гадзін электраэнергіі.

Падзяліцца: