Праверка ва Узброеных сілах працягнецца да вясны, паралельна распачатая яшчэ адна

26 студзеня, Позірк. Раптоўная праверка Узброеных сіл, якая распачалася 16 студзеня, “будзе праходзіць у гэтых сур’ёзных умовах да вясны”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня ў Мінску на нарадзе па стварэнні адукацыйнага цэнтра для падрыхтоўкі таленавітай моладзі па прафесіях будучыні.
Раней дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што гэтая праверка праводзіцца паводле новай сістэмы. У прыватнасці, паводле слоў чыноўніка, ён асабіста — у абыход міністра абароны — уручыў камандзіру адной з мехбрыгад распараджэнне прывесці вайсковую часць у баявую гатоўнасць.
“Міністр абароны ніяк не можа паўплываць на гэты ход праверкі”, — сказаў Вальфовіч. Раней ён таксама заяўляў, што Лукашэнка “асабіста будзе браць удзел падчас гэтай праверкі, але якія часткі і ў які час, ён вызначыць сам”.
Адметна, што 26 студзеня міністр абароны Віктар Хрэнін абвясціў — з гэтага дня распачынаецца яшчэ адна праверка боегатоўнасці вайсковых часцей і падраздзяленняў. Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба ведамства, мерапрыемствы будуць мець “комплексны характар з паэтапным нарошчваннем як асабовага складу, так і колькасці вайсковых часцей і падраздзяленняў”.
“Асаблівасцю гэтай праверкі будзе з’яўляцца тое, што ў рамках падрыхтоўкі ваеннанавучанага рэзерву для Узброеных сіл гэта планавае мерапрыемства, а для вайсковых часцей і падраздзяленняў, якія правяраюцца, яна будзе насіць пазапланавы характар у выглядзе раптоўнай праверкі, — сказаў чыноўнік. — Асноўная мэта — ацаніць гатоўнасць і здольнасць асабовага складу. Пачынаючы ад прызыву ваеннаабавязаных да зняцця з захоўвання ўзбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі, правядзення баявога зладжвання і падрыхтоўкі выхаду ў раёны засяроджвання”.
“Асаблівая ўвага”, паводле яго слоў, будзе нададзеная “адпрацоўцы пытанняў ахоўвання, маскавання і процідзеяння сучасным сродкам барацьбы, такім як беспілотныя лятучыя апараты”.
На завяршальным этапе плануецца правесці на розных палігонах і ўчастках мясцовасці “комплекснае вучэнне з падраздзяленнямі і вайсковымі часцямі, якія прыцягваюцца да праверкі”. “Будуць адпрацаваныя новыя формы і спосабы вядзення абарончых і наступальных дзеянняў з шырокім прымяненнем беспілотных лятучых апаратаў, сродкаў радыёэлектроннай барацьбы”, — паведаміў кіраўнік Мінабароны.
Хрэнін патлумачыў, што праверка на падставе плану Мінабароны і Генштаба УС і праверка паводле распараджэння Лукашэнкі, — гэта “гэта зусім розныя” мерапрыемствы.
Папярэдняя “раптоўная праверка” УС праводзілася ў кастрычніку 2025 года.
Рэжым Лукашэнкі практычна няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам (акрамя ЗША пасля прыходу да ўлады прэзідэнта Дональда Трампа) і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаУ снежні 2025 года намінальны сярэдні заробак вырас на 15% — даныя Белстата (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- ЭканомікаНовы амбасадар Беларусі ў РФ Селіверстаў: Дынаміка рэалізацыі сумесных праектаў не надта высокаяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства



