Зяленскі і Ціханоўская правялі першыя поўнафарматныя двухбаковыя перамовы, дэмлідар запрошаная ў Кіеў

25 студзеня, Позірк. Першыя поўнафарматныя двухбаковыя перамовы правялі 25 студзеня Уладзімір Зяленскі і Святлана Ціханоўская.
Прэзідэнт Украіны, якому ў гэты дзень споўнілася 48 гадоў, і беларускі дэмакратычны лідар сустрэліся ў Вільнюсе, дзе бралі ўдзел у мерапрыемствах у гонар удзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў супраць рускага царызму.
Ціханоўская, як паведаміў яе офіс, “ад імя беларусаў выказала поўную падтрымку украінскаму народу, які змагаецца за свабоду, і адзначыла выключнае асабістае лідарства прэзідэнта Зяленскага”.
Дэмлідар падзякавала суразмоўцу за “моцную прамову на цырымоніі ўшанавання паўстанцаў”, дзе ён заявіў, што “белы шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі”, што ў 2020 годзе ў беларусаў быў шанец змяніць краіну, аднак падтрымка іх тады “была недастатковай”. Зяленскі таксама адзначыў, што Беларусь “вымушаная існаваць як расійскае генерал-губернатарства”.
Ціханоўская падзякавала прэзідэнту Украіны за падтрымку дэмакратычнай Беларусі і за тое, што кіраўніцтва Украіны раздзяляе беларусаў і рэжым. Яна “асобна згадала беларускіх добраахвотнікаў, валанцёраў, а таксама [рэйкавых] партызанаў, незаконна асуджаных за салідарнасць і падтрымку Украіны”.
Палітык “асобна звярнула ўвагу на лёс палонных беларускіх добраахвотнікаў”. Яна падзякавала Зяленскаму і ягонай камандзе, у прыватнасці кіраўніку Офіса прэзідэнта Кірылу Буданаву, за прыём апошняй групы вызваленых палітвязняў (у снежні 2025 года, Буданаў тады ўзначальваў Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны. — “Позірк”.).
“Бакі абмеркавалі працэс вызваленняў, наступныя крокі і гатоўнасць Украіны аказваць падтрымку падобнага кшталту надалей”, — адзначаецца ў паведамленні.
Былі закранутыя пытанні санкцыйнай палітыкі, супольнай стратэгіі з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці, у тым ліку за вываз украінскіх дзяцей.
Ціханоўская прапанавала прызначыць спецпасланніка па Беларусі, як гэта зрабілі іншыя дэмакратычныя краіны, а таксама больш шчыльную супрацу з місіяй дэмакратычных сілаў у Кіеве.
Зяленскі запрасіў Ціханоўскую наведаць украінскую сталіцу.
Раней яны некалькі разоў сустракаліся на міжнародных мерапрыемствах, але гэтыя сустрэчы ў асноўным абмяжоўваліся ўзаемнымі вітаннямі.

- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 31 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаНа фоне спробаў ЗША падштурхнуць Вільнюс да перамоваў з Мінскам на літоўска-беларускай мяжы расце міграцыйны ціскМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЗапазычанасць юрасоб па крэдытах вырасла за год на 11,1% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- ЭканомікаСхільныя да крэдытнай рызыкі актывы банкаў Беларусі павялічыліся за год на 10,3%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаПраваабаронца Раман Кісляк абскардзіў паўторную адмову на прадастаўленне прытулку ў ГрузііМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 28–30 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


