Мінск 12:05

Чарговы аўтобус МАЗ загарэўся ў Расіі

Фота з тэлеграм-канала чувашскай грамадска-палітычнай ініцыятывы Sin City

26 студзеня, Позірк. Пра пасажырскі аўтобус Мінскага аўтамабільнага завода, які загарэўся, паведаміла прэс-служба Упраўлення МНС па Чувашскай Рэспубліцы (суб’ект Расійскай Федэрацыі).

Адзначаецца, што гэта адбылося щдзень 22 студзеня ў Чэбаксарах (сталіца Чувашыі). Аўтобус, які рухаўся па маршруце № 101с, загарэўся ля прыпынку грамадскага транспарту “Энергазапчастка”.

У момант здарэння ў салоне знаходзіліся пасажыры, яны эвакуяваліся самастойна.

У 2025 годзе беларускія аўтобусы рэгулярна загараліся падчас руху ў РФ і Беларусі, прычынай гэтага называліся санкцыі, уведзеныя супраць МАЗа дэмакратычнымі краінамі, якія пазбавілі яго часткі якасных камплектуючых.

Апошні такі выпадак, пра які пісалі СМІ, быў зафіксаваны ў Самары 9 кастрычніка. Да гэтага аўтобусы гарэлі: 5 ліпеня — у Іркуцку, 14 траўня — у Варонежскай вобласці, 5 красавіка — у Санкт-Пецярбургу, 23 сакавіка — у Кіраве, 13 студзеня — у Ліпецку.

24 лістапада 2025 года на сустрэчы з губернатарам Яраслаўскай вобласці Расіі Міхаілам Еўраевым Аляксандр Лукашэнка ўзняў гэту тэму: “Я спрабаваў разабрацца, што ж там гарыць, з Піцера пачынаючы. Там жа ў нас абсалютна ліберальныя сродкі масавай інфармацыі — што хочуць, тое і робяць. Як выявілася, не ўсё тое гарыць, што гарыць у сродках масавай інфармацыі. Але над якасцю вельмі сур’ёзна працуем”.

За 2025 год на рынку РФ рэалізавана 499 аўтобусаў МАЗ (у 2024-м — 504; -1%).

Падзяліцца: