Мінск 14:20

Сем банкаў паведамілі пра новаўвядзенні ў працы з кліентамі

25 студзеня, Позірк. Сем банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведамілі аб змене асобных правілаў абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

“Альфа Банк у Беларусі больш не заключае дамовы па “Альфа Укладу” ў беларускіх рублях тэрмінам на 36 месяцаў. Разам з тым з’явілася магчымасць адкрыць дэпазіт “Альфа Уклад” у гэтай жа валюце на 39 месяцаў (стаўка — 13%). Зрабіць гэта можна ў мабільным дадатку INSNC, WEB INSNC, а таксама ў аддзяленні банка.

Банк ВТБ (Беларусь) знізіў працэнтныя стаўкі для фізічных асоб па зноў аформленых укладах у беларускіх рублях на тэрміны 66–1.733 дні. Яны зменшыліся на 0,1–1,1 працэнтнага пункта (у залежнасці ад абранага прадукту і тэрміну размяшчэння). Банк павялічыў працэнтныя стаўкі па нанава афармляемых укладах у расійскіх рублях — яны выраслі на 0,5 п. п.

Банк “Рашэнне” праводзіць да канца зімы спецыяльную акцыю па выпуску прэміяльнай R-карты Visa Platinum. Яе можна аформіць у любым аддзяленні за 15 рублёў. У банку назвалі перавагі: money-back 1,5% на ўсе пакупкі, 2% на рэшту па ліку, бескантактавая аплата праз Apple Pay, Samsung Pay і Swoo Pay, доступ у бізнес-лаунджы аэрапортаў.

“Белаграпрамбанк” устанавіў узнагароджанне па некаторых аперацыях з замежнай валютай: за размен, а таксама абмен зношаных, пашкоджаных, але захаваўшых прыкметы плацежнасці грашовых знакаў, сапраўднасць якіх не выклікае сумнення — па 3% ад сумы; прыём на інкаса банкнот долараў, еўра і расійскіх рублёў, якія выклікаюць сумнеў у плацежнасці, — 5%.

“БНБ-Банк” устанавіў камісію за папаўненне карт банка: у беларускіх рублях у памеры 1,5% ад сумы (максімум 225 рублёў); у замежнай валюце — 2% ад сумы.

“Неа Банк Азія змяніў для бізнесу тарыфы на міжнародныя пераводы ў Польшчу: у адзінай еўрапейскай валюце — 33 еўра; у злотых — 15 еўра. Камісіі банкаў-пасярэднікаў пакрываюцца кліентам дадаткова.

“Парытэтбанк” увёў ліміты на пераводы па нумары мабільнага тэлефона з выкарыстаннем сістэмы імгненных плацяжоў з дапамогай сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання паміж бягучымі (разліковымі) банкаўскімі рахункамі, доступ да якіх не забяспечваецца карткай у мабільным банку iParitet і інтэрнэт-банкінгу iParitet: мінімальная сума аднаго пераводу — 2 рублі, максімальная — 150 рублёў.

На 1 снежня 2025 года ў Беларусі быў зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са 100-працэнтным замежным удзелам). Іх прыбытак, згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам звестак Нацбанка, склаў 4 млрд 171,1 млн рублёў — на 10,5% больш, чым месяцам раней (3 млрд 776,2 млн), і на 21,8% больш, чым на аналагічную дату 2024-га (3 млрд 425,7 млн).

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 снежня 2025 года склала 64 млрд 252,9 млн рублёў.

Праведзены “Позіркам” аналіз паказаў, што актуальная сума запазычанасці на 10,4% большая, чым было на 1 снежня 2024-га (58 млрд 206,5 млн рублёў), і на 9% большая, чым на 1 студзеня 2025-га (58 млрд 952,8 млн).

Падзяліцца: