Мінск 12:46

Аддзяленні амбасады РФ адкрыюцца ў Віцебску, Гомелі і Магілёве

Ілюстрацыя: pravo.by

25 студзеня, Позірк. Пра “падрыхтоўку да фактычнага адкрыцця” аддзяленняў амбасады Расіі ў Віцебску, Гомелі і Магілёве паведаміў агенцтву РІА Навіны дырэктар другога дэпартамента краін СНД МЗС РФ Аляксей Палішчук.

“У лістападзе 2025 года ў адпаведнасці з распараджэннем урада Расіі былі заснаваныя аддзяленні нашай амбасады ў Віцебску, Гомелі і Магілёве. <…> Яны будуць спрыяць развіццю міжрэгіянальных сувязяў і яшчэ больш якаснай абароне правоў і інтарэсаў суайчыннікаў”, — сказаў Палішчук.

Пры гэтым, паводле яго слоў, Беларусь адкрые аддзяленне амбасады ў Варонежы, “ёсць прапанова аб адкрыцці аддзялення ў Омску”.

“У цяперашні час у Расіі дзейнічаюць 15 беларускіх замежных устаноў. Акрамя амбасады ў Маскве, гэта шэсць генконсульстваў (ва Уладзівастоку, Екацярынбургу, Калінінградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Растове-на-Доне і Санкт-Пецярбургу), шэсць аддзяленняў амбасады (у Краснадары, Краснаярску, Новасібірску, Смаленску, а таксама Казані і Уфе, якія да 1 красавіка будуць ператвораныя ў генконсульствы) і два ганаровыя консулы (у Екацярынбургу і Цюмені)”, — удакладніў прадстаўнік МЗС РФ.

Расія, дадаў ён, хутка будзе мець дыпламатычную прысутнасць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. “Цяпер працуюць пасольства ў Мінску, генконсульствы ў Брэсце і Гродне, ганаровы консул у Віцебску і Гомелі. Па лініі Рассупрацоўніцтва дзейнічаюць цэнтры навукі і культуры ў Мінску, Брэсце і Гродне”, — адзначыў Палішчук.

Падзяліцца: