Мінск 00:35

Міністр інфармацыі чакае ад блогераў “патрыятычнага кантэнту”, бо “маналог дзяржавы ў інфармацыйнай прасторы недастатковы”

23 студзеня, Позірк. Напоўніць свае рэсурсы “стваральным, праўдзівым і патрыятычным кантэнтам” заклікаў праўладных блогераў міністр інфармацыі Марат Маркаў на сустрэчы з імі ў Мінску.

Паводле сцвярджэння чыноўніка, “сёння час, калі маналог дзяржавы ў інфармацыйнай прасторы недастатковы”.

“Патрэбны дыялог, патрэбна шчырая размова на мове, якую разумее наша, асабліва маладая, аўдыторыя”, — цытуе яго сайт дзяржгазеты “Мінская праўда”.

У публікацыі сцвярджаецца таксама, што “беларускія блогеры — не супрацьвага сістэме, а партнёры”.

Агітаваць блогераў у рамках палітыкі ўладаў і прыцягваць іх да сваіх мерапрыемстваў Мiнiнфарм актыўна пачаў у 2025 годзе. Абмяркоўвалася стварэнне імі кантэнту за бюджэтныя сродкі ў рамках дзяржзаказу.

Пасля падаўлення маштабных пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасці сілавікоў рэжым Лукашэнкі стаў метадычна знішчаць непадкантрольную яму частку медыясектара. Асноўныя незалежныя СМІ былі разгромлены, многія іх супрацоўнікі трапілі пад крымінальны пераслед або былі вымушаны пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсій, і аднавіць працу за мяжой.

Дзейнасць і матэрыялы незалежных СМІ метадычна абвяшчаюцца “экстрэмісцкімі”, за супрацоўніцтва з імі пагражае крымінальная адказнасць.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі знаходзіцца 28 прадстаўнікоў медыя.

Падзяліцца: