Мінск 19:48

Рыжанкоў заклікаў літоўцаў да пераменаў у іх краіне

Максім Рыжанкоў
Архіўны стоп-кадр: "Позірк"

23 студзеня, Позірк. Да пераменаў у іх краіне заклікаў літоўцаў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у сваім артыкуле, апублікаваным 23 студзеня дзяржаўным выданнем “СБ. Беларусь сегодня“ (былая “Советская Белоруссия”).

На яго думку, “цяперашні курс Вільнюса вядзе ў тупік самаізаляцыі і эканамічнага заняпаду“, пры гэтым “Беларусь як добры сусед заўсёды адкрытая для разумнага дыялогу”.

Рыжанкоў заявіў пра гатоўнасць “разам вярнуць тое ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, якое толькі ад нармалізацыі стасункаў можа прыносіць Літве дадаткова да 1 мільярда еўра кожны год“.

“Перамены ў Літве непазбежныя, таму што народ не можа вечна трываць палітыку, якая крадзе ў яго дабрабыт і будучыню. Выбар за вамі”, — напісаў беларускі міністр.

Рыжанкоў абвінаваціў улады суседняй краіны ў тым, што іх сённяшняя палітыка, якая будуецца на “сварцы з Беларуссю“, б’е па літоўцах значна больш, чым па беларусах, і за гэта ў Літве плацяць “простыя людзі“.

Чыноўнік сцвярджае, што разрыў гандлёвых і эканамічных сувязяў з Беларуссю ўжо прывёў да істотных страт для Літвы, уключаючы зніжэнне тавараабароту і страту транзітных патокаў, якія раней забяспечвалі значную частку даходаў. Ён прывёў прыклад, калі беларускія турысты, купляючы тавары і паслугі ў Літве, рабілі ўнёсак у яе эканоміку, а цяпер гэтыя грошы “цякуць у іншыя краіны“.

Кіраўнік МЗС таксама востра раскрытыкаваў літоўскія выдаткі на абарону і ўмацаванне мяжы з Беларуссю, назваўшы іх бессэнсоўнымі і такімі, што шкодзяць інтарэсам уласных грамадзян. Рыжанкоў заявіў, што замест падтрымкі сацыяльнай сферы, інфраструктуры і дабрабыту насельніцтва сродкі накіроўваюцца на ваенныя праекты — напрыклад, на будаўніцтва новага палігона і ўтрыманне замежных ваенных падраздзяленняў.

Акрамя таго, ён абвінаваціў Вільнюс у негатоўнасці вырашаць назапашаныя праблемы, у тым ліку праблему літоўскіх грузавікоў, якія захраслі на беларускай тэрыторыі, і імкненні замест гэтага да новых санкцый супраць Мінска, якія, на думку чыноўніка, у рэшце рэшт удараць па літоўскай эканоміцы і самім літоўцам.

“Але найбольш цынічнае, — заявіў ён, звяртаючыся да літоўцаў, — гэта фінансаванне на вашыя грошы тых, хто працуе супраць добрасуседства. Мільёны еўра Вільнюсам накіроўваюцца на ўтрыманне беларускай апазіцыі — групы палітычных маргіналаў, якія не прадстаўляюць інтарэсы народа Беларусі, існуюць выключна на заходнія гранты і занятыя толькі адным: прасіць у сваіх куратараў усё новыя санкцыі супраць сваёй жа Радзімы і, як следства, супраць эканомікі Літвы. Гэта вашы падаткі, якія можна было ўкласці ў ваш дабрабыт, ператвараюцца ў зброю супраць стабільнасці ў рэгіёне. І ведаеце што? Гэта не падабаецца і самім літоўцам: 49% з вас не хочуць, каб краіна прымала палітычных уцекачоў“.

Паводле слоў Рыжанкова, “вянком гэтай палітыкі“, якая нібыта б’е па кашальку літоўцаў, стала энергетыка: “Вашы ўлады свядома разбурылі сваю ж энергабяспеку. Спачатку закрылі Ігналінскую АЭС, якая давала да 88% вашай электрычнасці. Потым, у 2025 годзе, канчаткова адключыліся ад агульнага энергакола БРЭЛЛ. І ўсё гэта — каб адмовіцца ад дыялогу аб куплі даступнай электраэнергіі з сучаснай БелАЭС”.

У выніку, працягнуў аўтар артыкула, “толькі з 2026 года“ тарыфы на электраэнергію для літоўцаў вырастуць яшчэ на 18%, а на халодную ваду — яшчэ на 10%. “Гэта не стыхійнае бедства. Гэта прамы і свядомы вынік выбару вашых палітыкаў“, — звярнуўся ён да народа Літвы.

Пра тое, як ад разрыву супрацоўніцтва з Літвой пацярпела эканоміка Беларусі, Рыжанкоў, як і ў мінулым сваім аналагічным артыкуле ў тым жа выданні, які выйшаў у жніўні 2024 года, не згадаў.

Падзяліцца: