Мінск 16:24

Ціханоўская ў Давосе правяла 11 двухбаковых сустрэч

Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа
Фота з тэлеграм-канала беларускага палітыка

22 студзеня, Позірк. На палях цяперашняга Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе (Швейцарыя) беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская правяла ўжо 11 двухбаковых сустрэч, вынікае з паведамлення на сайце палітыка.

У прыватнасці, суразмоўцамі Ціханоўскай сталі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэм’ер-міністр Малдовы Аляксандр Мунцяну і яго чэшскі калега Андрэй Бабіш, міністр замежных спраў Канады Аніта Ананд і міністр прамысловасці гэтай краіны Мелані Жолі, генеральны сакратар НАТО Марк Рутэ, прэзідэнт Генасамблеі ААН Аналена Бербок, экс-прэм’ер Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, генеральны сакратар міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International Аньес Каламар, прэзідэнт і галоўны інвестыцыйны дырэктар Google Рут Парат, а таксама гендырэктар польскага банка PKO Шыман Мідэра.

Дэмлідар таксама ўзяла ўдзел у дыскусіі “Ці зможа Расія захаваць эканоміку ваеннага часу?”, круглым стале Нефармальнай сустрэчы сусветных эканамічных лідараў (IGWEL) “Новая эпоха геапалітычнай нявызначанасці”, а таксама панэлі на тэму “Дэмакратыя ў выгнанні: лідарства ў барацьбе Беларусі за свабоду”.

Апошняя адбылася ў рамках мерапрыемства “Яе сіла” (арганізатар — выданне Foreign Policy) на палях форуму. Гэта серыя мерапрыемстваў, прысвечаных ролі жанчын у лідарстве, дэмакратычных зменах, а таксама пошуку практычных шляхоў паскарэння прагрэсу праз палітыку, партнёрства і глабальную адказнасць. Ціханоўская распавяла пра ролю жанчын у беларускім дэмакратычным руху, лідарстве ва ўмовах выгнання і супраціву аўтарытарызму. Яна падкрэсліла, што беларускія жанчыны сталі “маральным ядром рэвалюцыі”, закранула тэмы вайны Расіі супраць Украіны, адказнасці рэжыму Лукашэнкі, значэння Беларусі для еўрапейскай бяспекі, неабходнасці міжнароднай падтрымкі.

“Давос — яшчэ адна магчымасць распавесці пра Беларусь сусветным лідарам. Нагадаць пра тых, хто сёння знаходзіцца за кратамі за сваё права жыць у свабоднай краіне. Для нас прынцыпова, каб Беларусь заставалася ў міжнародным парадку дня, каб свет не прызвычайваўся да рэпрэсій і несправядлівасці. Менавіта праз такія сустрэчы мы ўмацоўваем міжнародную салідарнасць з беларускім народам і працягваем сумесную працу дзеля вызвалення палітвязняў і дэмакратычнай будучыні Беларусі”, — заявіла дэмлідар.

Ціханоўская бярэ ўдзел у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе чацвёрты раз запар.

Падзяліцца: