Мінск 13:23

Санкцыі ЕС супраць беларускага калію з высокай верагоднасцю будуць падоўжаныя пасля 28 лютага — кіраўнік МЗС Літвы

Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс
Архіўнае фота: "Позірк"

22 студзеня, Позірк. Дыскусіі па пытанні перавозкі беларускіх калійных угнаенняў праз Еўрапейскі саюз не вядуцца, заявіў 22 студзеня ў эфіры Žinių radijas міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

Чыноўнік, словы якога прыводзіць партал LRT, выказаўся з гэтай нагоды, каментуючы заяву еўрапарламентарыя, ганаровага старшыні сацыял-дэмакратаў Віцяніса Повіласа Андрушкайціса пра тое, што транзіт беларускага калію па Літве мог бы быць адноўлены ў абмен на магчымасць перавозіць украінскія грузы ў порт Клайпеды праз тэрыторыю Беларусі.

“Тут вельмі важны кантэкст — у мяне адразу ўзнікла б пытанне: калі і пры якіх умовах, — адрэагаваў Будрыс. — Цяпер мяжа Украіны і Беларусі наглуха закрытая, там ніхто нікуды не ездзіць, таму, верагодна, гаворка ідзе пра ўмовы пасля мірнага пагаднення і калі не будзе санкцый. Цяпер гэтага нельга рабіць ужо хаця б з юрыдычнага пункту гледжання, бо санкцыі Еўрапейскага саюза дзейнічаюць, па іх падаўжэнні цяпер ідуць дыскусіі”.

“Вельмі верагодна, што пасля 28 лютага яны будуць падоўжаныя, таму такіх умоў нават няма, і таму разгляд такіх сцэнарыяў з’яўляецца вельмі гіпатэтычным”, — дадаў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

У інтэрв’ю агенцтву BNS, апублікаваным 12 студзеня, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што мае намер прадстаўляць “цвёрдую пазіцыю” сваёй краіны, калі Вільнюс зазнае ціск, скіраваны на тое, каб аднавіўся транзіт беларускіх угнаенняў.

Паводле яго слоў, любыя развагі пра тое, што Вільнюс мог бы “нешта прадаць у абмен на больш гнуткую пазіцыю па пытанні беларускіх угнаенняў, з’яўляюцца прынцыпова непрымальнымі”. Наўседа падкрэсліў, што такая палітыка і Еўразвяза.

Літва забараніла транзіт беларускіх угнаенняў на пачатку 2022 года, абапіраючыся на санкцыі Злучаных Штатаў Амерыкі, паколькі ЕС увёў адпаведныя абмежаванні пазней.

13 снежня 2025 года пасля перагавораў у Мінску спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі было вызвалена і вывезена з краіны 123 палітвязні. Амерыканскі дыпламат заявіў, што ЗША на ўказанне прэзідэнта Дональда Трампа здымаюць санкцыі з беларускіх калійных угнаенняў.

15 снежня Упраўленне па кантролі за фінансавымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) апублікавала агульную ліцэнзію, якая дазваляе правядзенне аперацый з ААТ “Беларуськалій” і ААТ “Беларуская калійная кампанія” (БКК).

16 снежня галоўны дарадца Наўседы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідас Матулёніс заявіў, што транзіт беларускага калію па тэрыторыі Літвы можа быць увязаны з размяшчэннем у краіне дадатковага вайсковага кантынгенту ЗША.

Паводле яго слоў, якія прыводзіла літоўская тэлерадыёкампанія, амерыканскі бок паводзіць сябе карэктна: “Яны сапраўды не чыняць на нас ціск з патрабаваннем рабіць дадатковыя крокі”.

Наўседа 30 снежня абверг інфармацыю пра тое, што ЗША пасля зняцця сваіх санкцый з беларускіх калійных угнаенняў чыняць ціск на Літву, каб заахвоціць яе дазволіць транзіт гэтай прадукцыі з наступнай адгрузкай у порце Клайпеды.

Падзяліцца: