Мінск 12:46

Жыхарам кватэр, што пацярпелі ад выбуху ў снежні 2025 года, выплачаныя кампенсацыі, сцвярджаюць улады Гомеля

Архіўнае відэа: прэс-служба МНС / стоп-кадр: "Позірк"

22 студзеня, Позірк. Грамадзянам, якія пажадалі атрымаць грашовую кампенсацыю за жыллё, што было прызнанае аварыйным пасля выбуху ў шматпавярховым доме ў снежні 2025 года, пералічаныя выплаты ў памеры рыначнага кошту іх кватэр, заявіў 21 студзеня старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў.

Паведамляецца таксама, што філіял “Белдзяржстраху” па Гомельскай вобласці ажыццяўляе выплаты страхавой кампенсацыі грамадзянам, якія пражываюць 3-м — пацярпелым ад выбуху — пад’ездзе. Паралельна працуе камісія гарвыканкама — ацэньваецца шкода, нанесеная маёмасці грамадзян.

Пра пачатак выплат кампенсацый Прывалаў паведамляў 14 студзеня.

Памер выплат разлічаны “гомельскім агенцтвам па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры”. Сцвярджалася, што належныя жыхарам сумы адпавядаюць “рынкавага кошту іх кватэр”. Лічбы не называліся.

У той жа дзень намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі паведаміў, што аднаўленне пашкоджаных у выніку выбуху канструкцый дома плануецца завяршыць у траўні 2026 года.

26 снежня 2025 года Прывалаў заяўляў, што “ў якасці кампенсацыі шкоды жыхарам дома будзе выплачана не менш як 1 млн рублёў — у сярэднім па 100 тыс. на кожную сям’ю, якая часова засталася без жылля”.

24 снежня паведамлялася, што 31 жыхар пацярпелага ад выбуху дома пражывае ў гомельскім гатэлі “Сож”.

23 снежня стала вядома пра выяўленне ў 21:30 22 снежня пад абвалам перакрыццяў двух паверхаў у доме цела загінулай у выніку выбуху жанчыны.

Пра “выбух газапаветранай сумесі” ў кватэры на 7-м паверсе 10-павярховага дома (вул. Косарава, 3) у Гомелі 17 снежня паведаміла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Пазней ведамства заявіла, што ў выніку выбуху “адбылося абвальванне пліт перакрыццяў жылых пакояў з восьмага па шосты паверхі, пашкоджаная вонкавая сценавая панэль дома”.

Падзяліцца: