Міністэрства аховы здароўя прапануе забараніць прыватным медцэнтрам правядзенне абортаў
21 студзеня, Позірк. Міністэрства аховы здароўя прапануе забараніць правядзенне абортаў у прыватных цэнтрах. Пра гэта заявіў кіраўнік ведамства Аляксандр Хаджаеў 21 студзеня на слуханнях у Палаце прадстаўнікоў Нацсходу (ПП НС).
“Звязана гэта ў першую чаргу з тым, што мы бачым досыць вялікую разбежку паміж якасцю перадабортнага кансультавання. У прыватных цэнтрах яна дасягае 20% эфектыўнасці, у той час як у дзяржаўных клініках мы бачым досыць добрую станоўчую працу па гэтым кірунку — 35–40%”, — сказаў чыноўнік (па відэа ў телеграм-канале ПП НС).
Акрамя таго, дадаў ён, такая ініцыятыва звязаная з “выразнай пазіцыяй і разуменнем патрэбы нараджэння дзяцей у <…> краіне”.
Закрануў Хаджаеў і тэму зніжэння тэрмінаў для правядзення абортаў з 12 да 9 тыдняў: “Сітуацыя больш складаная, таму што яна патрабуе свайго медыцынскага аналізу і канкрэтных лічбаў. Мне б хацелася адзначыць, што на сённяшні момант большасць жанчын як раз такі і звяртаюцца ў досыць такія крытычныя тэрміны ў рамках аборту на пастаноўку ў жаночую кансультацыю”.
Міністр сцвярджае, што ў ведамстве “часткова аналізавалі” гэтую сітуацыю і лічаць, што тэрмін 9 тыдняў “досыць кароткі і востры для прыняцця рашэння аб тым, захаваць ці не захаваць цяжарнасць”.
“Нават калі мы на сённяшні дзень будзем дастаткова актыўна глядзець у гэты бок, мы павінны разумець, што якасць перадабортнага кансультавання ў гэтай сітуацыі можа рэзка ўпасці. Бо час для прыняцця ўсвядомленага рашэння <…> моцна скарачаецца. Таму дадзеная тэматыка патрабуе сваёй якаснай абгрунтаванай прапрацоўкі з боку медыцынскай супольнасці”, — падкрэсліў Хаджаеў.
Чыноўнік спыніўся таксама на пытанні мужчынскага здароўя: “На сённяшні момант [на ўліку] у нашым рэспубліканскім цэнтры “Маці і дзіця” знаходзіцца крыху больш за 1.300 жанчын і 1.200 мужчын, якія маюць дыягназ бясплоддзе. У гэтым сэнсе нельга сказаць, што нашы мужчыны застаюцца па-за ўвагай. Існуюць і спецыялісты уралогіі, і андролагі. Уролагі ў нас маюць магчымасць лячыць тыя захворванні, якія прыводзяць да дадзенай паталогіі”.
З 14 па 21 кастрычніка 2025 года ў паліклініках Беларусі прайшоў штогадовы тыдзень, калі аборты праводзіліся выключна па медыцынскімі паказаннях, але не па жаданні жанчын.
З-за падобных мерапрыемстваў жанчыны, якія вырашылі перапыніць цяжарнасць, могуць прапусціць тэрміны запланаванай маніпуляцыі — аборт магчымы ў абмежаваныя часовыя рамкі, папярэдне трэба здаць аналізы.
Акрамя таго, з 2012 года ў Беларусі праводзіцца абавязковае перадабортнае кансультаванне. У спалучэнні з акцыяй “Тыдзень без аборту” гэта фактычна абмяжоўвае законнае права жанчыны на бяспечнае перапыненне цяжарнасці.
Аднак гэта кансультаванне парушае права на аўтаномію і недатыкальнасць прыватнага жыцця, зацягвае доступ да медыцынскай працэдуры.
З пункту гледжання правоў чалавека забарона абортаў ставіць пад сумнеў права жанчыны распараджацца сваім целам, парушае права жанчыны на бяспечную медыцынскую паслугу. Нарэшце, гэта прамое часовае парушэнне рэкамендацый СААЗ, дзе бяспечны аборт прызнаны часткай базавай медыцынскай дапамогі.
Пры гэтым у Беларусі абсалютная колькасць абортаў, паводле афіцыйных звестак, за 10 гадоў зменшылася больш чым удвая — з 29.797 у 2014 годзе да 14.444 у 2024-м (6,8 працэдуры на 1.000 жанчын). Калі ў 2000 годзе на 1.000 жанчын фертыльнага ўзросту прыпадала 46 абортаў, то ў 2015-м — 12,8.
Зніжэнне колькасці абортаў звязана з агульнай адукаванасцю жанчын і мужчын у частцы рэпрадуктыўнага здароўя, выбарам ўсвядомленага бацькоўства і даступнасцю кантрацэпцыі.
На гэтым фоне ў апошнія гады ўлады Беларусі ўсё часцей выкарыстоўваюць наратыў аб традыцыйных асновах і духоўна-маральным развіцці грамадства, адпрэчваючы і крытыкуючы пры гэтым “заходнія каштоўнасці”. Часцяком такія ініцыятывы пераймаюцца ў Расіі, дзе раней забаранілі медыцынскі трансгендарны пераход, усынаўленне расійскіх дзяцей замежнікамі; увялі штрафы за “схіленне да абортаў”, плануюць забараніць добраахвотную адмову ад нараджэння дзяцей (чайлдфры) і яго прапаганду.
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, ПалітыкаЦіханоўская: Мы просім Еўропу не капіяваць палітыку ТрампаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 студзеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаУ 2025 годзе ў пяці абласцях і сталіцы пагоршыліся паказчыкі росту ВРПМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаСексуалізаваныя дамагальніцтвы з’яўляюцца сістэмнай праблемай беларускай грамадзянскай супольнасці — праваабаронцыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка



