Мінск 21:18

Расія вярнула ў Беларусь 2 т варанай кілбасы

Фота: Рассельгаснагляд

16 студзеня, Позірк. Пра спыненне “незаконнага перамяшчэння 2 тон гатовай мясной прадукцыі” з Беларусі ў Расію паведаміла Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Адзначаецца, што груз быў спынены на мяжы ў Пскоўскай вобласці РФ. Пры правядзенні кантролю высветлілася, што на вараную кілбасу не было “суправаджальных дакументаў, якія пацвярджаюць яе бяспеку і паходжанне”.

“Таксама інспектарам ведамства зафіксаванае парушэнне ветэрынарна-санітарных правілаў мясной прадукцыі, якая патрабуе пэўнага тэмпературнага рэжыму пры яе транспартаванні: у машыне адсутнічала халадзільнае абсталяванне”, — гаворыцца ў паведамленні.

На гэтай падставе было вырашана, што перамяшчаць тавар “па мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза” нельга, “аформлены акт на вяртанне грузу”. “Кілбаса вернутая ў Рэспубліку Беларусь”, — падкрэсліла ведамства.

Паведамляецца, што за 2025 год Паўночна-Заходняе міжрэгіянальнае ўпраўленне Рассельгаснагляду (адказвае за Санкт-Пецярбург, Ленінградскую, Наўгародскую, Пскоўскую і Валагодскую вобласці) зафіксавала 36 выпадкаў з “аналагічнымі парушэннямі пры ўвозе прадукцыі жывёльнага паходжання”: “Усе тавары агульнай вагой больш за 50 тон вернутыя ў Рэспубліку Беларусь”.

Кантроль прадукцыі, якая ўвозіцца з Беларусі, ажыццяўляе таксама ўпраўленне ведамства па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях. 16 студзеня стала вядома, што яго спецыялісты забаранілі ўвоз на тэрыторыю Расіі партыі салатаў з Беларусі агульнай масай амаль 7 т.

Падзяліцца: