Прэзідэнту Эфіопіі паўторна перададзенае запрашэнне наведаць Беларусь

16 студзеня, Позірк. Амбасадар у Кеніі і Эфіопіі (па сумяшчальніцтве) Дзмітрый Красоўскі 15 студзеня ўручыў даверчыя граматы эфіопскаму прэзідэнту Тае Ацке-Селасіе і паўторна перадаў яму запрашэнне наведаць Беларусь з афіцыйным візітам.
Паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў, дыпламат перадаў эфіёпскаму палітыку “цёплыя вітанні і віншаванні” ад Аляксандра Лукашэнкі і беларускіх грамадзян з “прамінулымі святамі і асабістым юбілеем” (13 студзеня Ацке-Селасіе споўнілася 70 гадоў).
Амбасадар выказаў падзяку за падтрымку з боку Эфіопіі ў справе атрымання Беларуссю статусу краіны — партнёра БРІКС.
Знешнепалітычнае ведамства заявіла, што бакі “падкрэслілі нязменна дружалюбны характар” стасункаў Беларусі і Эфіопіі, а таксама “прыхільнасць да паглыблення супрацы ва ўсіх сферах — палітычнай, гандлёва-эканамічнай, адукацыйнай і культурнай”.
13 студзеня Лукашэнка, віншуючы Ацке-Селасіе з юбілеем, пацвердзіў гатоўнасць Беларусі пашыраць партнёрскія стасункі з Эфіопіяй. Ён выказаў спадўеў на тое, што ў найбліжэйшы час Мінск і Адыс-Абеба выйдуць на “праекты супрацы” ў сферах прамысловай кааперацыі, механізацыі сельскай гаспадаркі, адукацыі, культуры ды іншых галінах, “якія маюць важнае значэнне” для абедзвюх дзяржаў.
Лукашэнка неаднаразова прапаноўваў Ацке-Селасіе наведаць Беларусь. Варта адзначыць, што Эфіопія з’яўляецца парламенцкай рэспублікай, прэзідэнт у сістэме яе дзяржкіравання выконвае пераважна прадстаўнічыя функцыі.
Летась у красавіку Эфіопію наведваў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, а ў верасні ў Беларусі пабываў эфіопскі прэм’ер-міністр Абій Ахмед Алі. На сустрэчы з апошнім Лукашэнка заявіў, што Мінску і Адыс-Абебе неабходна да канца 2025 года стварыць план супрацы (асобна згадаўшы пра гатоўнасць да вайскова-тэхнічнай супрацы).
Дакладных звестак пра тое, ці было гэта зроблена, няма. Напрыканцы лістапада Рыжанкоў на сустрэчы з амбасадарам Эфіопіі ў РФ Генетам Цяшомэ Жыру абмяркоўваў сярод іншага падрыхтоўку “ўсёабдымнай дарожнай карты супрацы да 2030 года”.
Мінск і Адыс-Абеба ўсталявалі дыпламатычныя стасункі ў 1994 годзе. Інтарэсы Беларусі ў Эфіопіі прадстаўляе амбасадар, асноўным месцам службы якога з’яўляецца Кенія.
Паводле даных МЗС, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 1,3 млн долараў. Актуальныя даныя на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства не прадстаўленыя.
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаРост рознічнага тавараабароту запаволіўся да 6,6%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+



