Мінск 18:30

41-гадовы беларус з падазроным пасведчаннем кіроўцы затрыманы ў Літве

Ілюстрацыйнае фота: САДМ Літвы

16 студзеня, Позірк. У пункце пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку — Беняконі) у ноч на 15 студзеня затрыманы грамадзянін Беларусі, які прад’явіў падазроны дакумент, вынікае з паведамлення Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) пры МУС Літвы.

41-гадовы мужчына з дазволам на часовае пражыванне ў Літве быў пасажырам аўтобуса, які рухаўся па маршруце Мінск — Мар’ямпале. Пры праверцы дакументаў памежнікі запыталі ў яго пасведчанне кіроўцы — у якасці “дадатковага дакумента для высвятлення асобы”.

Паводле інфармацыі ведамства, супрацоўнікі САДМ, старанна вывучыўшы пасведчанне, “зафіксавалі сама меней некалькі прыкмет, якія дазваляюць выказаць здагадку, што яно з’яўляецца поўнай падробкай, бо вырабленае не ў адпаведнасці з патрабаваннямі да вытворчасці абароненых дакументаў”.

Па факце падробкі або выкарыстання падробленага дакумента Вільнюскі памежны атрад САДМ распачаў дасудовае расследаванне пад кіраўніцтвам пракурора 1-га аддзела Вільнюскай раённай пракуратуры. У адпаведнасці з літоўскім заканадаўствам, за згаданыя дзеянні прадугледжаны штраф, абмежаванне волі, арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў.

Грамадзянін Беларусі змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Рашэнне пра меру стрымання будзе прынятае пасля допыту.

Паводле даных САДМ, у 2025 годзе літоўскія памежнікі выявілі 245 дакументаў, якія, як меркавалася, былі падробленымі. Больш за ўсё — 97 — пасведчанняў кіроўцы. Падазрэнні таксама выклікалі 28 пасведчанняў аб рэгістрацыі транспартных сродкаў, 26 пасведчанняў асобы, 16 пашпартоў і 12 дазволаў на часовае пражыванне ў Літве ці іншых краінах ЕС.

Напрыканцы мінулага года САДМ паведамляла пра аналагічны выпадак — 40-гадовы грамадзянін Беларусі, які ехаў у якасці пасажыра аўтобуса (Каўнас — Мінск), быў затрыманы ў пункце пропуску Мядзінінкай (Каменны Лог). Мужчыну папрасілі дадаткова прад’явіць пасведчанне кіроўцы. Спачатку ён сказаў, што не мае такога дакумента, але “падчас пільнага надгляду яго асабістых рэчаў было знойдзена пасведчанне кіроўцы Рэспублікі Беларусь, <…> сапраўднасць якога выклікала сумневы ў службовых асоб”.

Яшчэ адзін такі выпадак здарыўся 29 чэрвеня 2025 года. Тады гаворка таксама ішла пра пасажыра аўтобуса, які рухаўся па маршруце Каўнас — Мінск.

Падзяліцца: