Мінск 17:49

У Літве накіраваная ў суд справа аб паветранай кантрабандзе беларускіх цыгарэт

Ілюстрацыйнае фота: САДМ Літвы

16 студзеня, Позірк. Пра завяршэнне папярэдняга расследавання і накіраванне ў суд крымінальнай справы двух грамадзян Літвы (1988 і 1994 гадоў нараджэння) паведаміла 16 студзеня Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) гэтай балтыйскай дзяржавы са спасылкай на пракуратуру.

Гэтыя асобы абвінавачваюцца ў кантрабандзе цыгарэт, дастаўленых паветранымі шарамі, а таксама ў незаконным распараджэнні падакцызнымі таварамі ў складзе арганізаванай групы.

Паводле звестак дасудовага расследавання, мужчыны, “дзейнічаючы сумесна з асобамі, якія знаходзяцца ў Беларусі”, атрымалі заданне “забраць цыгарэты, дастаўленыя з беларускай тэрыторыі паветранымі шарамі”. У ноч на 3 кастрычніка 2025 года абвінавачаныя, як сцвярджаецца, назіралі за перамяшчэннем запушчаных шароў.

Супрацоўнікі аддзела крымінальнай выведкі Варэнскага памежнага атрада САДМ затрымалі мужчын той жа ноччу ў лесе ля вёскі Парудамініс (Вільнюскі раён). Тады ж памежнікі вынялі тры звязкі дастаўленых з дапамогай аэрастатаў цыгарэт, якія захраслі ў дрэвах.

Агулам было знойдзена 4.500 пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі. Агульны кошт тытунёвых вырабаў з улікам абавязковых да выплаты падаткаў — 23.261 еўра.

Паводле інфармацыі САДМ, абвінавачаныя могуць пазбавіцца волі на тэрмін да 6 гадоў.

Пра перахоп летась 3 і 5 кастрычніка накіраваных з Беларусі катрабандных цыгарэт і затрыманні шасці падазраваных літоўская памежная служба паведамляла 7 кастрычніка.

Згодна з данымі САДМ, у 2025 годзе было перахоплена 635 партый цыгарэт, дастаўленых паветранымі шарамі з Беларусі ў Літву. У 2024 годзе такіх выпадкаў было 226. У 2022 годзе выпадкаў кантрабанды паветранымі шарамі не было, а ў 2023 годзе было зафіксавана 3 такія спробы.

Падзяліцца: