Мінск 15:08

Вальфовіч: Мы ўпэўненыя, што ў Беларусі ёсць “Арэшнік”

"Рытуал заступлення" на баявое дзяжурства ў Беларусі комплексу “Арэшнік”
Відэа: прэс-служба Мінабароны Стоп-кадр: “Позірк”

16 студзеня, Позірк. Казаць, што ў Беларусі няма ракетнага комплексу “Арэшнік”, — гэта права апанентаў улады і краін-суседзяў, заявіў 16 студзеня дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

Паводле яго слоў, якія перадаюць дзяржаўныя СМІ, “Арэшнік” прызначаны для “стрымлівання, абароны краіны”.

“Галоўнае, што мы ўпэўненыя, што ў нас ёсць гэтая зброя. І, вядома, спадзяемся, што яна ніколі не спатрэбіцца”, — сказаў чыноўнік.

Вальфовіч дадаў, што рашэнне аб размяшчэнні “Арэшніка” на тэрыторыі Беларусі было прынятае прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам, яно “выкананае і дзейнічае”.

Раней сумневы ў наяўнасці ў Беларусі “Арэшніка” выказваў шэраг незалежных ініцыятыў, а таксама Украіна.

У Беларусь не завезены з РФ ракетны комплекс “Арэшнік”, заявы Лукашэнкі і яго атачэння з ліку сілавікоў аб пастаноўцы расійскага ўзбраення на баявое дзяжурства носяць прапагандысцкі характар. Пра гэта гаворыцца ў відэа аб’яднання BelPol, апублікаваным 11 студзеня на платформе “Ютуб” пад загалоўкам “Чаму “Арэшнік” — самая вялікая хлусня Лукашэнкі”.

Сярод іншага аўтары звяртаюць увагу на 35-секундны відэаролік, апублікаваны 30 снежня 2025 года Міністэрствам абароны. Ведамства сцвярджала, што на паказаных кадрах — “рытуал заступлення на баявое дзяжурства рухомага грунтавога ракетнага комплексу “Арэшнік”, дастаўленага ў Беларусь. Паводле звестак BelPol, гэтае відэа — пастановачнае.

Аб’яднанне падкрэслівае, што такая інфармацыя атрыманая ім ад некалькіх незвязаных паміж сабой крыніц у Мінабароны.

“Няма абсалютна ніякіх доказаў таго, што відэа не было знятае ў Расійскай Федэрацыі”, — гаворыцца ў расследаванні арганізацыі.

Пра тое, што “Арэшнік” завезены ў Беларусь, Лукашэнка заявіў 18 снежня 2025 года, выступаючы на Усебеларускім народным сходзе (УНС). “Ён у нас з учорашняга дня і заступае на баявое дзяжурства”, — сказаў ён.

На наступны дзень міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў на палях УНС, што пасля таго як расійскі ракетны комплекс “Арэшнік” заступіць у Беларусі на баявое дзяжурства, яго пакажуць журналістам.

Дэмакратычныя сілы Беларусі лічаць фактарам пагрозы для Еўропы размяшчэнне “Арэшніка” ў Беларусі.

Падзяліцца: