Мінск 13:26

Па даручэнні Лукашэнкі распачатая чарговая раптоўная праверка арміі

Аляксандр Вальфовіч
Фота: прэс-служба Мінабароны

16 студзеня, Позірк. Пра пачатак “маштабнай праверкі” Узброеных сіл паведаміла 16 студзеня прэс-служба Міністэрства абароны.

Як паведаміў дзяржСМІ дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, мерапрыемствы праводзяцца па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі: “Праверка будзе насіць комплексны характар і складацца з некалькіх этапаў. Мерапрыемствы праверкі маюць раптоўны характар”.

Ён падкрэсліў, што праверка праводзіцца ў тым ліку з “улікам досведу “спецыяльнай вайсковай аперацыі” (так улады ў РФ і ўслед за імі Беларусі называюць расійскую агрэсію ва Украіне. — “Позірк”.) і яго ўкаранення ў войска”.

Паводле слоў Вальфовіча, Лукашэнка “асабіста будзе браць удзел падчас гэтай праверкі, але якія часткі і ў які час, ён вызначыць сам”.

Першай правяраецца вайсковая частка тэхнічнага забеспячэння, дзе стаяць на захоўванні розныя ўзоры бранятанкавага ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Адзначаецца, што будуць правярацца “пытанні аховы вайсковых частак і процідзеяння сучасным сродкам паражэння, у прыватнасці, беспілотным лятальным апаратам”.

Аб завяршэнні “раптоўнай праверкі” гатоўнасці ўнутраных войскаў, “злучэнняў і вайсковых частак, а таксама атрадаў спецназа, якія знаходзяцца на паўднёвых рубяжах, да дзеянняў у няштатных умовах” 9 студзеня паведамляла Міністэрства ўнутраных спраў.

Папярэдняя “раптоўная праверка” УС праводзілася ў кастрычніку 2025 года.

Рэжым Лукашэнкі практычна безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам (акрамя ЗША пасля прыходу да ўлады прэзідэнта Дональда Трампа) і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Падзяліцца: