Мінск 00:05

Турчын і Мішусцін абмеркавалі двухбаковы гандаль і сумесныя праекты

Ілюстрацыя: тэлеграм-канал урада Беларусі

14 студзеня, Позірк. “Актуальныя пытанні двухбаковага гандлёва-эканамічнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва”, а таксама “сумесныя праекты ў розных галінах” абмеркавалі па тэлефоне 14 студзеня прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын і яго расійскі калега Міхаіл Мішусцін, паведамляе прэс-служба беларускага ўрада.

Бакі “надалі асаблівую ўвагу ўмацаванню інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза”, гаворыцца ў паведамленні.

28 снежня амбасадар Беларусі ў Расіі Аляксандр Рагожнік спрагназаваў, што двухбаковы тавараабарот па выніках 2025 года паб’е чарговы рэкорд і перавысіць 60 млрд долараў.

5 студзеня гэтага года Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Рагожнікам заявіў, што рост экспарту ў Расію паводле вынікаў 2025 года склаў 2,5–3% пры плане 5%.

Лукашэнка адзначыў, што ўлады бачаць праблемы на расійскім напрамку, які з’яўляецца для Беларусі асноўным: “У нас прасяданне па прамысловасці. Ваша тэма, дарэчы, як былога міністра прамысловасці (былых жа не бывае)”.

У 2024 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй дасягнуў рэкорднай адзнакі ў 57,6 млрд долараў, павялічыўшыся на 7,4% у параўнанні з 2023-м.

Падзяліцца: