Мінск 22:48

ЗША прыпыняюць выдачу іміграцыйных віз для грамадзян 75 краін — уключаючы, паводле даных СМІ, Беларусь

Ілюстрацыя: Дзярждэпартамент ЗША

14 студзеня, Позірк. Дзярждэпартамент ЗША 14 студзеня паведаміў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х, што прыпыніць афармленне іміграцыйных віз для грамадзян 75 дзяржаў.

Паводле ацэнак ведамства, мігранты з гэтых краін “атрымліваюць дапамогу за кошт амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў у непрымальных маштабах”.  

Як паведамляецца, абмежаванні будуць дзейнічаць, пакуль ЗША “не змогуць гарантаваць, што новыя імігранты не будуць здабываць матэрыяльную выгаду за кошт амерыканскага грамадства”.

Тэлеканал Fox News са спасылкай на крыніцы ў Дзярждэпе паведамляе, што абмежаванні ўступяць у сілу з 21 студзеня і прыводзіць згаданы пералік з 75 дзяржаў. У спісе ёсць Беларусь, з краін былога СССР там таксама — Азербайджан, Арменія, Грузія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія і Узбекістан, з еўрапейскіх дзяржаў — Албанія, Боснія і Герцагавіна, Косава, Македонія і Чарнагорыя.

Іміграцыйная віза — гэта віза, якая дае права пастаяннага пражывання ў краіне.

Падзяліцца: