Мінск 22:04

У Беларусі ўтрымліваецца больш за 900 адзінак літоўскага транспарту — LINAVA

Фота: lrt.lt

14 студзеня, Позірк. На 9 студзеня ў Беларусі знаходзілася 410 грузавікоў, 473 прычэпы і 30 іншых транспартных сродкаў, якія належаць літоўскім кампаніям. Такую інфармацыю апублікаваў партал lrt.lt са спасылкай на даныя Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозчыкаў (LINAVA).

Удакладняецца, што гэтыя даныя тычацца выпадкаў, пра якія было паведамлена LINAVA, у рэчаіснасці транспартных сродкаў, якія затрымаліся ў Беларусі, можа быць больш.

Звяртаецца ўвага, што Мытны дэпартамент Літвы паведамляе пра значна больш меншыя лічбы. На 9 снежня, паводле звестак ведамства, на беларускай тэрыторыі было 185 літоўскіх транспартных сродкаў і прычэпаў, цяпер — 261.

Партал прыводзіць сведчанні асобных уладальнікаў кампаній, якія абвяргаюць інфармацыю аб тым, што іх транспарт, затрыманы ў Беларусі летась з 30 кастрычніка да 20 лістапада, змог вярнуцца ў Літву.

Пры гэтым, паводле слоў аднаго з іх, кампанія працягвае атрымліваць патрабаванні ад беларускіх уладаў аб выплаце штодзённага збору ў памеры 120 еўра, які літоўскія прадпрымальнікі называюць “выкупам”. “Але выплата гэтага рахунку не азначае, што вы зможаце выехаць”, — адзначыў уладальнік кампаніі.

Іншы бізнесмен паведаміў, што беларускія ўлады апавясцілі яго пра намер пачаць працэдуру канфіскацыі захраслага грузавіка, калі выплаты не будуць зробленыя да 3 лютага. “Згодна з беларускім заканадаўствам, канфіскацыя ў любым выпадку ажыццяўляецца праз чатыры месяцы пасля канфіскацыі. Часу засталося няшмат — прайшло ўжо больш за палову гэтага тэрміну”, — сказаў ён.

Прадстаўнікі LINAVA паведамілі, што кіроўцы затрыманых грузавікоў фізічна не знаходзяцца ў Беларусі: “У большасці выпадкаў грузавікі і прычэпы былі пакінутыя на стаянках захоўвання, а кіроўцы вернутыя ў Літву або перанакіраваныя на іншыя маршруты. Аднак сітуацыя носіць індывідуальны характар — кожная кампанія прымала ўласныя рашэнні, улічваючы пытанні бяспекі, лагістыкі і арганізацыі працы”.

У канцы кастрычніка 2025 года Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў зрабіць больш жорсткімі правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. Паведамлялася, што ў Беларусі затрымалася каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перамовы з Вільнюсам па гэтым пытанні павінны весціся на палітычным узроўні.

На фоне абвешчанага намеру літоўскіх перавозчыкаў прыцягнуць да адказнасці ўрад сваёй краіны праз грузавы транспарт, які захрас у Беларусі, 7 студзеня прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што адпаведны пазоў павінен быць накіраваны супраць Мінска, а не Вільнюса.

Падзяліцца: