Мінск 19:43

Пратэрмінаваная запазычанасць прадпрыемстваў па крэдытах вырасла за год на 18%

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

14 студзеня, Позірк. У студзені — лістападзе 2025 года рэнтабельнасць рэалізаванай беларускімі прадпрыемствамі прадукцыі склала 8,4% — на 0,5 працэнтнага пункта больш, чым за 11 месяцаў 2024-га (7,9%), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Рэнтабельнасць продажаў — 6,9% (6,5%; +0,4 п.п.).

Дэбіторская запазычанасць (пазыкі прадпрыемству) на 1 снежня склала 100,8 млрд рублёў (79,3 млрд; +27,1%), у тым ліку пратэрмінаваная — 11,4 млрд (9,7 млрд; +17,5%).

Крэдыторская запазычанасць (запазычанасці прадпрыемства) дасягнула 120 млрд рублёў (94,2 млрд; +27,4%), у тым ліку пратэрмінаваная — 12,4 млрд (10,5 млрд; +18,1%).

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 снежня 2025 года склала 64 млрд 252,9 млн рублёў.

Праведзены “Позіркам” аналіз паказаў, што актуальная сума запазычанасці на 10,4% большая, чым было на 1 снежня 2024-га (58 млрд 206,5 млн рублёў), і на 9% большая, чым на 1 студзеня 2025-га (58 млрд 952,8 млн).

Аляксандр Лукашэнка 25 ліпеня падпісаў указ “Аб узмацненні адказнасці старшыняў райвыканкамаў”, згодна з якім уведзеная “асабістая адказнасць” кіраўнікоў раёнаў за нізкаэфектыўныя сельгасарганізацыі.

Для выхаду неэфектыўных арганізацый на прыбытковую працу аблвыканкамам даручана замацоўваць за старшынямі райвыканкамаў па адной стратнай сельгасарганізацыі, якая за справаздачны год мела найбольшую страту ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) і не выканала нарматыў тэхналагічных страт буйной рагатай жывёлы.

Указ таксама дае права старшыні аблвыканкама па ўзгадненні з Лукашэнкам перавесці старшыню райвыканкама на пасаду кіраўніка замацаванай за ім арганізацыі.

Даведка “Позірку”:

рэнтабельнасць продажаў — гэта паказчык прыбытковасці, які паказвае, якую долю чыстага прыбытку складае выручка ад продажаў за пэўны перыяд;

рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — гэта фінансавы паказчык, які паказвае, колькі прыбытку кампанія атрымлівае з кожнага рубля выручкі.

Падзяліцца: