Мінск 18:52

МНС РФ прыпыніла пошукі беларускай турысткі, якая знікла ў Мурманскай вобласці

Ілюстрацыйнае фота: 51.ru

14 студзеня, Позірк. Прыпыненыя пошукі турысткі з Беларусі, якая знікла ў Мурманскай вобласці 1 студзеня. Пра гэта паведаміў партал 51.ru са спасылкай на рэгіянальнае ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях РФ.

Адзначаецца, што пошукі беларускі праводзіліся да 11 студзеня, было агледжана “229 км берагавой лініі (з якіх 169 км — пешшу, 60 км — з борта верталёта)”.

Паводле звестак амбасады Беларусі ў РФ, гаворка ідзе пра суайчынніцу 1968 года нараджэння.

Увечары 2 студзеня дыпмісія пацвердзіла, што 1 студзеня жанчыну “ўнесла ў мора падчас групавых заняткаў айс-флаацінгам у акваторыі ракі Тулома”.

“На месцы здарэння складаныя ўмовы надвор’я і нізкая тэмпература. Паводле аператыўнай інфармацыі на 20:00 2 студзеня 2026 года зніклая грамадзянка не знойдзеная. Пошукавая аперацыя будзе працягнутая”, — адзначалі ў амбасадзе.

Паводле звестак расійскіх СМІ, беларуску ўнесла ў мора ўвечары 1 студзеня. Паведамлялася, што яна “плавала ў гідракасцюме разам з групай у акваторыі ракі Туломы” (упадае ў Баранцава мора).

Адзначалася, што Следчы камітэт Мурманскай вобласці распачаў крымінальную справу па факце інцыдэнту.

Айс-флаацінг — купанне ў халодным вадаёме ў спецыяльным ўцепленым гідракасцюме. Зарадзіўся ў скандынаўскіх краінах каля 10 гадоў таму.

Падзяліцца: