Мінск 18:37

“БелДжы” амаль удвая нарасціў у 2025 годзе продажы на рынку РФ

Фота: сайт "БелДжы"

13 студзеня, Позірк. Беларуска-кітайскі вытворца “БелДжы” (BelGee) у снежні 2025 года прадаў на расійскім рынку 8.466 новых аўтамабіляў — у 3,9 раза больш, чым у апошнім месяцы 2024-га (2.158), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак кансалтынгавай кампаніі “АСМ-холдынг” (РФ).

Усяго за 2025 год рэалізаваны 69.091 аўтамабіль беларуска-кітайскага брэнда (34.775; рост амаль удвая).

Раней генеральны дырэктар “БелДжы” Генадзь Свідзерскі паведамляў, што акцыянеры паставілі задачу заняць першае месца на ўнутраным рынку Беларусі і актыўна змагацца за другую пазіцыю ў Расіі.

Па выніках 2025-га брэнд заняў пятае месца з доляй рынку 5,2%.

Лідарамі продажаў сталі: LADA (330.357; -14,7%), HAVAL (173.434; -9,5%), CHERY (99.936; -36,7%), GEELY (93.988; -37,3%).

Продажы “БелДжы” ў Расіі распачаліся ў верасні 2023 года. У першы месяц было рэалізавана 19 аўтамабіляў.

Першапачаткова прадавалася толькі адна мадэль — красовер X50, створаны на аснове Geely Coolray. Беларуская аўтамабільная асацыяцыя прызнала гэты аўтамабіль лепшым у 2023 годзе ў катэгорыі SUV (ад англ. sport utility vehicle — “спартыўна-утылітарны аўтамабіль”).

24 ліпеня 2024 года брэнд абвясціў пра старт продажаў у дылерскіх цэнтрах РФ універсальнага сярэднепамернага красовера X70 (даступны як з пярэднім, так і з поўным прывадам, а таксама сістэмай “мяккага” гібрыда).

З канца верасня 2025 года расіянам даступны седан S50, які, як адзначаюць эксперты рынку, прадаецца ў РФ ад 1,85 млн расійскіх рублёў (каля 22,9 тыс. долараў). Для параўнання, цэны на аналаг — Geely Emgrand — пачынаюцца з 2,18 млн (27 тыс.).

Дэмпінг стаў, на думку экспертаў, адной з асноўных прычын узлёту продажаў беларуска-кітайскага аўто.

Завод “БелДжы” быў адкрыты 17 лістапада 2017 года ў Барысаўскім раёне (Мінская вобласць). Цяпер яго акцыянерамі з’яўляюцца Рэспубліка Беларусь і кітайскія кампаніі Zhejiang Jirun Automobile, CITICC International Investment Limited, Shenzhen Shentou Investment.

Падзяліцца: