Мінск 18:23

МЗС заклікала беларусаў, якія накіроўваюцца ў Іран, улічваць апавяшчэнні аб абмежаванні паветранай прасторы

Ілюстрацыйнае фота: Sina Drakhshani / unsplash.com

13 студзеня, Позірк. Улічваць афіцыйныя паведамленні аб абмежаванні паветранай прасторы ў Іране, паведамленні авіякампаній аб змене графіка палётаў, а таксама інфармацыю аб магчымых зменах у працы аэрапортаў заклікала 13 студзеня МЗС грамадзян Беларусі, якія плануюць наведаць Іран “у сувязі з неадкладнай неабходнасцю”.

“Для беларускіх грамадзян, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Ірана, дзейнічаюць стандартныя рэкамендацыі ва ўмовах ускладненай абстаноўкі: выконваць мясцовае заканадаўства, прытрымлівацца распараджэнняў афіцыйных асоб, праяўляць абачлівасць і пазбягаць месцаў масавага збору людзей”, — заявілі ў ведамстве.

У МЗС “перакананыя”, што “ўрад Ірана і іранскі народ здольныя пераадолець існуючыя цяжкасці і захаваць стабільнасць у краіне”.

“Зыходзячы з асноватворных прынцыпаў Статута ААН, Беларусь катэгарычна адхіляе любыя формы ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў”, — гаворыцца ў заяве, апублікаванню якой папярэднічала тэлефонная размова міністраў замежных спраў Беларусі і Расіі Максіма Рыжанкова і Сяргея Лаўрова.

Паводле інфармацыі беларускага боку, суразмоўцы абмеркавалі сітуацыю ў Іране і Венесуэле, а таксама “актуальныя пытанні двухбаковых адносін і графік маючых адбыцца сустрэч і мерапрыемстваў на вышэйшым і высокім узроўнях”. МЗС Расіі паведаміў, што “міністры абмеркавалі бягучыя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і знешнепалітычнага ўзаемадзеяння, а таксама абмяняліся думкамі па шэрагу актуальных сюжэтаў міжнароднага парадку дня”.

Масавыя пратэсты ў Іране, якія МЗС Беларусі лічыць прыкметай “ускладненай абстаноўкі”, працягваюцца з канца снежня 2025 года. Хваляванні пачаліся на фоне эканамічнага крызісу, але пасля перараслі ў патрабаванні звяржэння ўлады на чале з “духоўным лідарам” — аяталой Алі Хаменеі.

Пратэстамі ў Іране ахопленыя ўсе буйныя гарады. Улады традыцыйна ўжываюць гвалт для падаўлення вулічнай актыўнасці. Паводле звестак шэрагу праваабарончых арганізацый, лік загінулых удзельнікаў пратэстаў ідзе на тысячы. Дакладную інфармацыю атрымаць не ўдаецца, паколькі ў краіне ўжо некалькі дзён адключаны інтэрнэт.

Паралельна праходзяць і праўладныя выступленні.

Пры гэтым прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 12 студзеня заявіў аб намеры ўвесці 25%-е гандлёвыя пошліны ў дачыненні да краін, якія супрацоўнічаюць з Іранам, разглядаецца опцыя ваеннага ўмяшання. Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаў сваіх грамадзян пакінуць Іран.

Падзяліцца: