За 2025 год продажы новых грузавікоў МАЗ у РФ знізіліся ў 1,7 раза

13 студзеня, Позірк. У снежні 2025 года на расійскім рынку прададзена 415 новых грузавікоў ААТ “Мінскі аўтамабільны завод” — на 28,3% менш, чым за той жа месяц 2024-га (579), гаворыцца ў даследаванні “АСМ-холдынг” (РФ).
Прадукцыя МАЗа ў мінулым месяцы заняла пятае месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынка Расіі, канстатавалі эксперты (у студзені, лютым і сакавіку было шостае, у красавіку прадпрыемства дзяліла пятае і шостае, траўні — чацвёртае, чэрвені, ліпені і жніўні — сёмае, верасні — пятае, кастрычніку і лістападзе — шостае). Доля на рынку склала 6,2% (у лістападзе — 5,2%).
Лідарамі продажаў у справаздачным месяцы сталі КамАЗ — 2.440 (+8,5% да снежня 2024-га), SITRAK — 781 (-12%), ГАЗ — 505 (-34%).
Усяго за 2025 год беларускае прадпрыемства рэалізавала на рынку РФ 3.274 грузавікі (5.719; падзенне ў 1,7 раза).
Пяцёрка лідараў рынку летась: КамАЗ (18.333; -20,7%), SITRAK (7.609; -60,7%), ГАЗ (4.698; -37,7%), SHAANXI (4.667; -70%), FAW (4.452; -61,9%).
За 2024 год МАЗ збыў у РФ 5.719 адзінак гэтай тэхнікі (за 2023-ы — 6.406; -10,7%).
Пяцёрка лідараў рынку па выніках 2024-га: КамАЗ (23.121; -26,5% да ўзроўню продажаў 2023-га), SITRAK (19.376; -19,2%), Shacman (15.545; -25,6%), FAW (11.680; -26,3%), Dongfeng (9.990; рост у 2,1 раза).
Буйныя прамысловыя прадпрыемствы — БелАЗ, БМЗ, МТЗ, МАЗ, а таксама канцэрны “Белнафтахім” і “Беллеспаперапрам” не выканалі заданні па пастаўках прадукцыі ў Расію. Пра гэта, паводле паведамлення беларускай амбасады ў Маскве, ішла размова 10 верасня 2025 года на пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па ажыццяўленні маніторынгу сітуацыі з пастаўкамі ў РФ.
“Нягледзячы на станоўчую дынаміку тэмпаў росту экспарту, адзначаныя негатыўныя тэндэнцыі па асобных таварных групах, невыкананне экспартных заданняў асобнымі дзяржаўнымі органамі і прадпрыемствамі”, — гаварылася ў паведамленні.
Аляксандр Лукашэнка 31 ліпеня мінулага года на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў выказаў незадаволенасць тым, што на расійскі рынак “пранікаюць тавары з трэціх краін без усялякай лакалізацыі”, выцясняючы беларускую прадукцыю.
15 чэрвеня 2023 года першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў, што рынак аўтатэхнікі Саюзнай дзяржавы “мае патрэбу ў аператыўным прыняцці спецыяльных ахоўных мер з-за актыўнай экспансіі кітайскіх вытворцаў”.

- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь восьмы месяц запар на апошнім месцы ў ЕАЭС па дынаміцы сельгасвытворчасці (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка

