Мінск 16:45

Па факце смяротнай аварыі ў Полацкім раёне ўзбуджана крымінальная справа

12 студзеня, Позірк. Крымінальная справа на падставе ч. 3 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух чалавек) КК у сувязі з аварыяй, што адбылася 12 студзеня, распачата Полацкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта (СК), паведамляе прэс-служба ведамства.

Раней прэс-служба МУС паведамляла аб гібелі двух чалавек пры сутыкненні легкавога аўтамабіля з аўтобусам 12 студзеня ў Полацкім раёне (Віцебская вобласць).

Паводле звестак ведамства, аварыя адбылася каля 9.30 на аўтадарозе Н-3200 (Полацк — Ушачы). Паводле папярэдняй інфармацыі, 34-гадовы вадзіцель “Фальксвагена” не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і ўрэзаўся ў рэйсавы аўтобус МАЗ, які рухаўся насустрач.

“У выніку ДТЗ вадзіцель легкавога аўто і яго пасажыр (асоба ўстанаўліваецца) загінулі. У аўтобусе знаходзіліся 10 чалавек, ніхто не пацярпеў. На месцы здарэння працуюць супрацоўнікі ДАІ, следча-аператыўная група”, — гаварылася ў паведамленні.

СК паведаміў, што “на месцы здарэння працавала следча-аператыўная група”: “Праведзены агляд, зафіксавана следавая карціна. Канфіскаваны запіс відэарэгістратара, які знаходзіўся ў салоне аўтобуса. Прызначаны неабходныя экспертныя даследаванні”.

Удакладнены ўзрост загінулага пасажыра легкавога аўтамабіля — 32 гады.

Падзяліцца: