Мінск 14:54

Парламентарыі Беларусі асудзілі “любыя формы знешняга дыктату, шантажу і сілавога ціску” на Мексіку

Ілюстрацыйнае фота: soyuz.by

13 студзеня, Позірк. “Цвёрдую ўпэўненасць” у тым, што “мудрасць і еднасць мексіканскага народа і яго законных органаў улады дазволяць даць дастойны адпор любым замахам на суверэнітэт краіны”, выказала працоўная група Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацы з парламентам Мексікі.

“Мы з глыбокай турботай і абурэннем назіраем за асобнымі дзеяннямі, якія замахваюцца на суверэнітэт і незалежнасць Мексіканскіх Злучаных Штатаў, — гаворыцца ў звароце, апублікаваным 13 студзеня ў тэлеграм-канале Палаты прадстаўнікоў. — Пагрозы сілавога ўмяшання, спробы паставіць пад сумнеў легітымнасць нацыянальнага кіраўніцтва і ціск на ўнутраныя палітычныя працэсы ёсць абуральным парушэннем фундаментальных норм і прынцыпаў міжнароднага права, замацаваных у Статуце ААН, у прыватнасці, прынцыпаў суверэннай роўнасці дзяржаў, неўмяшання ва ўнутраныя справы і непрымянення сілы або пагрозы сілай”.

Дэпутаты рашуча асудзілі “любыя формы знешняга дыктату, шантажу і сілавога ціску” на Мексіку, падкрэсліўшы права народа гэтай краіны “самастойна вызначаць свой лёс, абіраць шлях развіцця і нацыянальнае кіраўніцтва”.

Рэакцыя беларускіх парламентарыяў з’явілася на фоне заявы прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Дональда Трампа пра тое, што ў ЗША атрымалася амаль цалкам перакрыць марскі маршрут дастаўкі ў краіну наркотыкаў з Венесуэлы, а цяпер стаіць задача зрабіць немагчымымі пастаўкі наркотыкаў па сушы з Мексікі.

“Мы перакрылі 97% наркатрафіку па моры, і цяпер мы пачынаем наносіць удары ўжо па сушы, па картэлях. Картэлі кіруюць Мексікай. Гэта вельмі-вельмі цяжка назіраць, бачыць, што стала з гэтай краінай. Але картэлі ўсім запраўляюць, і яны забіваюць 250–300 тысяч чалавек у нашай краіне штогод”, — сказаў палітык 9 студзеня ў інтэрв’ю тэлеканалу Fox News.

У ноч на 3 студзеня Злучаныя Штаты Амерыкі на загад Трампа нанеслі ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Венесуэлы. У рамках аперацыі былі выкрадзеныя і перапраўленыя ў ЗША прэзідэнт краіны Нікалас Мадура і яго жонка Сілія Флорэс.

Падчас аперацый загінула сама меней 32 чалавекі — вайскоўцы і супрацоўнікі службаў бяспекі Кубы з аховы Мадуры. Дакладная колькасць ахвяр з венесуэльскага боку не прыводзіцца, аднак жалоба была абвешчаная ў абедзвюх краінах.

Аляксандр Лукашэнка 8 студзеня на цырымоніі ўручэння прэмій “За духоўнае адраджэнне” заявіў, што ў аперацыі па захопе Мадуры “была змова і здрада”.

Сам захоп Мадуры ён назваў “мярзотным мерапрыемствам”, а магчымасць паўтарэння падобнага сцэнарыю ў Беларусі “нерэальнай”.

Гэтыя ж тэзісы 12 студзеня ў інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” паўтарыў дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч: “На тэрыторыі Венесуэлы, на жаль, напэўна, спрацаваў фактар ​​здрады ў дачыненні да прэзідэнта, у дачыненні да дзейнай улады”. “Вось так беспардонна, бяспечна праляцець па тэрыторыі чужой дзяржавы верталётамі, не атрымаўшы ніякіх нават папераджальных стрэлаў <…>, — гэта проста немагчыма”, — сказаў ён.

Падзяліцца: