За мінулы тыдзень 16 грамадзян Беларусі добраахвотна пакінулі Польшчу на патрабаванне яе ўладаў

13 студзеня, Позірк. Больш за 120 замежнікаў пакінула Польшчу з 5 па 11 студзеня на падставе патрабавання ўладаў гэтай краіны, вынікае з паведамлення прэс-службы польскай Памежнай аховы.
Сярод іншых добраахвотна Польшчу пакінула 16 грамадзян Беларусі (тыднем раней — 15), 12 грамадзян Грузіі і 9 грамадзян Калумбіі; прымусова — 21 украінец, 4 грузіны і 3 узбекі.
Сцвярджаецца, што ў ліку высланых за мінулы тыдзень былі “замежнікі, якія нясуць пагрозу грамадскай бяспецы і парадку, а таксама асобы, асуджаныя за кіраванне без пасведчання кіроўцы, шматлікія крадзяжы або захоўванне наркатычных або псіхатропных рэчываў”.
У 2025 годзе Памежная ахова Польшчы выканала больш за 9,4 тыс. рашэнняў, якія прадпісваюць замежнікам пакінуць тэрыторыю краіны ў добраахвотным або прымусовым парадку, паведамляў раней партал Onet.pl, які атрымаў адпаведныя даныя ў адказ на свой зварот у ведамства.
Грамадзян Беларусі тычылася амаль 1,3 тыс. (медыя аперавала прыблізнымі лічбамі), ці крыху менш за 14% усіх рашэнняў. Адзначалася, што з гэтай колькасці “каля 130” беларусаў было выслана прымусова (прыкладна 10%).
Згодна з прадстаўленымі ў матэрыяле данымі, за 2024 год (у гэтым выпадку выкарыстаныя дакладныя лічбы) з Польшчы дэпартавалі 1.377 грамадзян Беларусі, у тым ліку ў прымусовым парадку — 66.
Такім чынам, агульная колькасць высланых з польскай тэрыторыі беларусаў у гадавым вымярэнні крыху знізілася, але колькасць прымусова дэпартаваных вырасла прыкладна ўдвая.
Як паведамляў “Позірк”, на кастрычнік 2025 года ў Польшчы было легалізавана сама меней 146 тыс. грамадзян Беларусі, заявіла 12 снежня 2025 года ў Вільнюсе юрыст Алеся Пажыток, які спецыялізуецца на міграцыйным праве.
Эксперт падкрэсліла, што гэтыя даныя не ўлічваюць беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне на падставе віз, знаходзяцца ў чаканні дазволу на жыхарства або рашэння пра наданне міжнароднай абароны.
Спаслаўшыся на даныя афіцыйнай статыстыкі, яна адзначыла, што часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы на кастрычнік мела каля 91 тыс. беларусаў (на гуманітарных падставах, паводле працы, навучання, уз’яднання сям’і, прадпрымальніцтва ды інш.), сталы — каля 42 тыс. (з улікам асоб, якія мелі сталае месца жыхарства да 2020 года, а таксама пасля 2020-га, але з “картамі паляка”, польскімі каранямі ды інш.).

- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, ГрамадстваЗ 2022 года ўзровень радыяцыі ўздоўж мяжы з Украінай вымяраецца кожныя тры гадзіны з паведамленнем дзяржорганам — БелгідраметМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваУ 2025 годзе Белгідрамет выдаў 143 папярэджанні аб неспрыяльных метэаз'явах, інфармаванне стала ранейшым на 27 хвілін (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваУ 2025 годзе Белгідрамет увёў у эксплуатацыю пяць новых метэастанцый, у 2026-м збіраецца пабудаваць яшчэ пяць (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка


