Мінск 16:38

Ціханоўская запатрабавала вызвалення ўсіх зняволеных у пятую гадавіну затрымання Аляксандрава і Злобінай

Калаж на сайце праваабарончага цэнтра "Вясна"

12 студзеня, Позірк. “Роўна пяць гадоў таму ў Беларусі былі затрыманыя праваабаронца і журналіст Андрэй Аляксандраў разам са сваёй жонкай Ірынай Злобінай”, — нагадала 12 студзеня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Яны па-ранейшаму застаюцца за кратамі — пакараныя за дапамогу тым, хто стаў мішэнню рэпрэсій рэжыму. Кожны палітычны зняволены павінен быць вызвалены”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Ціханоўская таксама адзначыла паведамленне ініцыятывы “Вольныя паштоўкі”, у якім нагадваецца, што 12 студзеня ў няволі сустракае сваё 36-годдзе журналіст Павел Дабравольскі.

Былы намеснік дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына, а цяпер жонка Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня 2021 года. У рамках палітычна матываванай справы Аляксандраў прыгавораны да 14 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў стварэнні “экстрэмісцкага фарміравання”, нявыплаце падаткаў, а таксама “здрадзе дзяржаве” (арт. 356 КК) і “падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках” (ч. 2 арт. 342). Злобіна асуджаная на 9 гадоў за пастаўленую ў віну “здраду дзяржаве” і “падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў беспарадках”.

Дабравольскі быў затрыманы 22 студзеня 2025 года, праз 10 дзён пасля свайго 35-годдзя. Абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 356 (“здрада дзяржаве”).

Праваабаронцы прызналі ўсіх згаданых вязняў палітзняволенымі.

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 12 студзеня ў Беларусі 28 прадстаўнікоў медыя знаходзяцца ў няволі.

Суд завяршыў ліквідацыю БелаПАН, мільённы "доўг" павешаны на былых кіраўнікоў

Віктар Івіцкі, аглядальнік "Позірку“ 12 студзеня 2026 года споўнілася пяць гадоў з дня затрымання былога намесніка дырэктара (2014-2018) незалежнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Андрэя Аляксандрава. Адначасова свабоды была пазбаўленая яго дзяўчына, а цяпер жонка Ірына Злобіна. За тры тыдні да гадавіны, …
Падзяліцца: