Мінск 23:22

У Гродне прыбіраць снег адправілі “дармаедаў”, у мясцовым УУС заявілі, што праца — “найлепшы памочнік у барацьбе са злачыннасцю”

Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама

11 студзеня, Позірк. Пра “чарговае групавое прафілактычнае мерапрыемства” з асобамі, незанятымі ў эканоміцы (т.зв. “дармаедамі”), паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Публікацыя ў тэлеграм-канале упраўлення азагалоўленая: “Да расчысткі снегу прыступіць! Незанятыя ў эканоміцы гродзенцы выйшлі на барацьбу са стыхіяй”.

Згаданае мерапрыемства пайшло “на базе Кастрычніцкага РУУС аблцэнтра”, яго ўдзельнікамі сталі “непрацуючыя асобы, якія знаходзяцца на ўліках у ААПП (аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі. — “Позірк”.) і крымінальна-выканаўчай інспекцыі”.

“Пасля гутаркі прысутных запрасілі паўдзельнічаць у грамадска-карыснай працы”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Снегапад, які накрыў краіну, даставіў беларусам нямала клопатаў, хоць і падарыў маляўнічую зіму. Перад тварам непагадзі аб’ядналі намаганні зусім розныя людзі. Незанятыя ў эканоміцы таксама прыступілі да ўборкі снегу, узброіўшыся неабходным інвентаром. У пачатку прафілактычнай акцыі з імі быў праведзены інструктаж, затым намечаны фронт работ. Зладжана і арганізавана грамадзяне расчышчалі тратуары, дарогі, у тым ліку ў дварах жылых дамоў, уносячы пасільны ўклад у агульную справу”, — паведамляецца ў рэлізе.

Адзначаецца, што мерапрыемства праведзена “ў рамках комплексу дадатковых мер па аказанні прафілактычнага ўздзеяння ў дачыненні да працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, у тым ліку асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця”.

“З названай катэгорыяй пастаянна праходзяць сустрэчы, ім прапануюцца даступныя варыянты працаўладкавання, усялякае садзейнічанне ў пошуку вакансій. Праваахоўнікі і зацікаўленыя суб’екты даюць слушныя парады, як змяніцца ў лепшы бок і стаць на шлях выпраўлення”, — заявілі ва УУС.

І дадалі: “Добраахвотны і свядомы ўдзел у навядзенні парадку на зямлі павышае грамадзянскую і асабістую адказнасць, асабліва сярод тых, хто глухі да размоў і ўгаворванняў. Як вядома, праца — найлепшы памочнік у барацьбе са злачыннасцю і правапарушэннямі, яна дазваляе змяніць кола зносін і ў далейшым вярнуцца да жыцця ў дабрабыце. А значыць, падобныя акцыі прыносяць карысць не толькі грамадству, але і самім непрацаўладкаваным”.

Складаныя ўмовы надвор’я са снегападамі захоўваюцца ў Беларусі з 8 студзеня.

Гл. таксама:

Кіраўнік гарвыканкама назваў “прыкладам патрыятызму” ўборку снегу жыхарамі Гомеля

Мінсельгасхарч заявіў, што “аграрыі на перадавой барацьбы са стыхіяй”, і адправіў прыбіраць снег 15,6 тыс. адзінак тэхнікі

У ліквідацыі наступстваў цыклона задзейнічана больш за тысячу вайскоўцаў

Падзяліцца: