Мінск 09:13

Продажы новых легкавых аўтамабіляў у Беларусі за снежань 2025-га ў гадавым вымярэнні знізіліся на 14% — БАА

Belgee X50
Ілюстрацыйнае фота: сайт завода "БелДжы"

10 студзеня, Позірк. У снежні 2025 года беларускія дылеры прадалі 5,7 тыс. новых легкавых аўтамабіляў — на 14% менш, чым за той жа месяц 2024-га, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА).

Калі зыходзіць з гэтага ўзроўню падзення, то ў снежні 2024 года продажы новых легкавых аўтамабіляў павінны былі б скласці 6,33 тыс. адзінак.

Разам з тым у справаздачы, якую арганізацыя апублікавала год таму, гаварылася, што за той месяц агулам было прададзена “7.205 новых аўтамабіляў”, пры гэтым 6% (432) прыпала на долю лёгкага камерцыйнага транспарту. Калі меркаваць, што астатнія 94%, або 6.773 адзінкі, — гэта новыя легкавыя аўтамабілі, узнікае адчувальнае разыходжанне з новымі данымі асацыяцыі.

На думку БАА, “ключавой падзеяй” снежня 2025 года стаў “рэкордны вынік СЗАТ “БЕЛДЖЫ”.

“Завод рэалізаваў 4.069 аўтамабіляў брэндаў Belgee і Geely, што амаль на 50% перавышае паказчык лістапада. Рост забяспечылі прывабныя цэнавыя прапановы і льготныя праграмы крэдытавання. У выніку на долю айчыннага вытворцы ў справаздачным перыядзе прыпала 70% усіх продажаў новых легкавых аўтамабіляў у краіне”, — гаворыцца ў паведамленні.

Ацэнку вынікаў 2025 года БАА плануе прадставіць на прэс-канферэнцыі 28 студзеня.

Падзяліцца: