Мінск 16:41

Мікіта Мелказёраў пасмяротна ўзнагароджаны медалём АПК “За плённую працу на карысць Беларусі”

Мікіта Мелказёраў
Архіўнае відэа: ютуб-канал "Жыццё-маліна" / стоп-кадр: "Позірк"

10 студзеня, Позірк. Журналіст Мікіта Мелказёраў пасмяротна ўзнагароджаны медалём Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) “За плённую працу на карысць Беларусі”, вынікае з паведамлення прэс-службы АПК.

Згодна з пастановай, падпісанай 7 студзеня кіраўніцай палітычнай структуры Святланай Ціханоўскай, гэтым медалём таксама ўзнагароджаныя украінскі даследчык — адзін з арганізатараў Форуму імя Астрожскіх у 2022–2025 гадах Яраслаў Чарнагор, літоўскі гісторык — сузаснавальнік Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі Русціс Камунтавічус, нямецкі журналіст і пісьменнік, кіраўнік сфакусаванай на беларускай тэматыцы рэдакцыі медыя dekoder.org Інга Пэтц.

Медалём “Няскораных (Ларысы Геніюш)” за “асабістую адвагу, стойкасць і ахвярнасць у дзейнасці на карысць прасоўвання ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі” ўзнагароджаныя былыя палітвязні — лінгвістка Наталля Дуліна, праваабаронца Уладзімір Лабковіч і блогер Ігар Лосік.

“Крыжом дабрасуседства” за “развіццё публічнай дыпламатыі і пашырэнне дыялогу паміж беларускім і іншымі народамі” узнагароджаныя былы міністр замежных спраў Літвы Вітаўтас Ландсбергіс і другі прэзідэнт Польшчы (1990–1995) Лех Валенса.

“Таксама дзве асобы будуць узнагароджаныя непублічна”, — гаворыцца ў паведамленні.

Як паведамляў Позірк, Мікіта Мелказёраў памёр у ноч на 21 снежня 2025 года ва ўзросце 37 гадоў. На наступны дзень стала вядома, што Акруговая пракуратура Варшавы распачала расследаванне ў сувязі з яго смерцю. У адпаведнасці з асноўнай версіяй следства смерць была негвалтоўнай, але, паводле закону, расследаванне распачатае паводле артыкула КК пра ненаўмыснае забойства.

23 снежня праведзенае ускрыццё цела, вынікі якога стануць вядомыя праз некалькі месяцаў.

Журналіст апошнія гады пражываў у польскай сталіцы. Быў стваральнікам і вядоўцам ютуб-праекта “Жыццё-маліна”. Таксама вёў гістарычны праект на “Ютубе” “Зазірне сонца”. Супрацоўнічаў з тэлеканалам “Белсат”.

У Польшчу эмігрыраваў пасля падзей 2020 года пад пагрозай палітычнага пераследу. У Беларусі працаваў у газеце “Всё о футболе”, на парталах Onliner.by і “Трыбуна”.

Летась у траўні Міністэрства ўнутраных спраў прызнала медыяпраект “Жыццё-маліна” “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: