Мінск 07:05

У 2025 годзе Латвія, Люксембург і Нарвегія ўнеслі ў Міжнародны гуманітарны фонд 530 тыс. еўра — Ціханоўская

Ілюстрацыйнае фота: Austin Kehmeier / unsplash.com

10 студзеня, Позірк. Падзяку за падтрымку Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі беларускім палітвязням і іх сем’ям выказала шэрагу еўрапейскіх краін дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

У паведамленні, апублікаваным 10 студзеня на старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, палітык адзначыла Нарвегію, Данію, Швецыю, Ісландыю, Фінляндыю, Эстонію, Латвію, Люксембург і Іспанію.

“Толькі ў 2025 годзе Люксембург, Латвія і Нарвегія ўнеслі 530.000 еўра на дапамогу і рэабілітацыю пацярпелых ад рэпрэсій. Гэта і ёсць сапраўдная салідарнасць”, — напісала Ціханоўская.

На II Кангрэсе па палітвязнях у Беларусі 26 верасня 2025 года ў Варшаве было заяўлена, што за прамінулыя да таго моманту паўтара гады дзейнасці Міжнароднага гуманітарнага фонду сабрана больш за 2,9 млн еўра, размеркавана звыш 1,3 млн.

Фонд быў створаны Нарвегіяй з ініцыятывы Ціханоўскай. Заснавальнікамі сталі ўрад Нарвегіі, Нарвежскае агенцтва па супрацы ў мэтах развіцця і Нарвежскі Хельсінкскі камітэт.

Падзяліцца: