Мінск 03:22

У сувязі са смерцю кіроўцы спыненая крымінальная справа аб ДТЗ з гібеллю пяці чалавек у Івацэвіцкім раёне

Фота: прэс-служба МУС

9 студзеня, Позірк. Па выніках расследавання спыненая крымінальная справа ў дачыненні да 20-гадовага кіроўцы BMW — удзельніка аўтааварыі ў Івацэвіцкім раёне (Брэсцкая вобласць), у якой загінулі пяць чалавек, паведамляе Следчы камітэт.

Справа спыненая ў сувязі са смерцю кіроўцы, якога абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб).

Паводле даных следства, каля 16.30 25 жніўня 2025 года на трасе М-1 “Брэст — Мінск — мяжа РФ” кіроўца BMW не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе здзейсніў лабавое сутыкненне з Volkswagen пад кіраваннем 41-гадовага мужчыны і з седлавым цягачом Sitrak пад кіраваннем 39-гадовага кіроўцы.

У выніку кіроўца BMW, яго 18-гадовы пасажыр, а таксама кіроўца Volkswagen, яго 42-гадовая жонка і 18-гадовы сын загінулі на месцы. Дачка (9 гадоў) кіроўцы Volkswagen выжыла, але атрымала менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Кіроўца вялікагруза не пацярпеў.

СК адзначае, што кіроўца і пасажыр аўтамабіля BMW не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі. Транспартны сродак меў тэхнічную няспраўнасць у выглядзе “нераўнамернага зносу шын задняй восі з агаленнем індыкатараў”. Хуткасць руху BMW да заносу складала больш за 140 км/г пры дазволеных 120 км/г

Непасрэднай прычынай трагедыі “сталі дзеянні кіроўцы BMW, які праявіў злачынную нядбайнасць, няўважлівасць і неабачлівасць”.

Ён кіраваў аўтамабілем з тэхнічнымі няспраўнасцямі, перавозіў пасажыра з непрышпіленым рамянём бяспекі, а таксама парушыў хуткасны рэжым. Пры гэтым не ўлічыў “асаблівасці і стан транспартнага сродку, дарожныя і ўмовы надвор’я, што прывяло да страты кантролю над аўтамабілем, заносу і выезду на сустрэчную паласу”. Названыя абставіны знаходзяцца ў “прамой прычыннай сувязі з наступствамі”, падкрэслівае СК.

Падзяліцца: