Мінск 02:17

З-за снегападу парушаны графік руху цягнікоў, квіткі раскупленыя (абноўлена)

Анлайн-табло на мінскім чыгуначным вакзале раніцай 9 студзеня 2026 года
Фота: "Позірк"

9 студзеня, Позірк. З-за складаных умоў надвор’я (моцны снегапад, парывісты вецер) на участках Мінск — Орша, Мінск — Гомель, Мінск — Брэст, Жлобін — Калінкавічы цягнікі ідуць з адхіленнем ад графіка руху, паведаміла Беларуская чыгунка (БЧ).

Як сведчыць анлайн-табло на сталічным чыгуначным вакзале, затрымка цягнікоў носіць масавы характар і складае да 2 гадзін. На сайце БЧ паведамлялася аб затрымцы адпраўлення электрацягніка Мінск — Беларусь на 2 гадзіны 40 хвілін.

Паводле інфармацыі “Позірку”, з-за складанай дарожнай абстаноўкі квіткі на бліжэйшыя цягнікі раскупленыя.

Раніцай 9 студзеня Міністэрства энергетыкі паведаміла, што з-за непагадзі парушалася электразабеспячэнне ў 251 населеным пункце. У Віцебскай вобласці больш за ўсё пацярпеў Полацкі раён, у Мінскай — Маладзечанскі, Слуцкі, Мінскі, у Гомельскай — Рэчыцкі і Жлобінскі. Паводле даных прадпрыемства “Белэнерга“ на 10:00, аднаўленчыя работы працягваліся ў 24 населеных пунктах, пераважна ў Віцебскай і Гомельскай абласцях.

З вечара 8 студзеня ў Мінску з-за моцнага снегу парушана праца грамадскага транспарту. Прадпрыемства “Мінсктранс” да паўночы апублікавала каля 20 паведамленняў аб спыненні і/або змене маршрутаў у розных раёнах сталіцы. З раніцы 9 студзеня выдадзена 30 паведамленняў.

Падзяліцца: