Мінск 00:10

Амбасадар Сабалеўскі абмеркаваў у Егіпце “графік візітаў на вышэйшым узроўні”

8 студзеня, Позірк. Аб сустрэчы амбасадара Беларусі Яўгена Сабалеўскага з першым намеснікам міністра інвестыцый і знешняга гандлю Егіпта — кіраўніком Егіпецкай камерцыйнай службы Абдэльазізам аль-Шэрыфам паведамляе Беларускае знешнепалітычнае ведамства.

“Разгледжаны графік візітаў на вышэйшым і высокім узроўні, а таксама пасяджэнняў інстытуцыйных органаў двухбаковага супрацоўніцтва, уключаючы 8-е пасяджэнне Беларуска-егіпецкай сумеснай гандлёвай камісіі ў Мінску”, — адзначае МЗС.

“Асаблівы акцэнт” на сустрэчы быў зроблены на “пытаннях прамысловай кааперацыі, у тым ліку аднаўленні працы зборачных вытворчасцяў беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі ў Егіпце”, гаворыцца ў паведамленні.

Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі прыняў прапанову наведаць Беларусь з візітам, заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 лістапада 2025 года, віншуючы гэтага палітыка з днём нараджэння.

“Спадзяюся на хуткую сустрэчу і ўпэўнены, што яна надасць новы імпульс двухбаковай кааперацыі, рэалізацыі сумесных праектаў, якія адпавядаюць інтарэсам абедзвюх краін”, — адзначыў віншавальнік.

Лукашэнка падкрэсліў, што беларуска-егіпецкія адносіны “працягваюць развівацца на аснове ўзаемнага даверу і прыязнасці”. “Наша супрацоўніцтва паглыбляецца па вялікім шэрагу кірункаў — ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да адукацыі, навукі і тэхналогій”, — заявіў ён.

Як паведамляў “Позірк” у ліпені, на працягу года Лукашэнка тройчы прапаноўваў ас-Сісі сустрэцца.

Дыпламатычныя адносіны паміж Мінскам і Каірам устаноўленыя 1 лютага 1992 года. Амбасада Беларусі ў Егіпце адкрылася ў жніўні 1997 года.

Паводле звестак беларускага МЗС, у 2021 годзе аб’ём узаемнага гандлю склаў 62,68 млн долараў (беларускі экспарт — 41,77 млн, імпарт — 20,91 млн). Актуальныя даныя знешнепалітычнае ведамства не прыводзіць.

Паводле даных ААН, у 2023 годзе экспарт Егіпта ў Беларусь склаў 21,5 млн долараў, імпарт з Беларусі — 79,6 млн.

Падзяліцца: