Мінск 02:16

Прэм’ер Літвы заклікала перавозчыкаў падаваць іск праз захраслы ў Беларусі транспарт супраць Мінска, а не Вільнюса

Ілюстрацыйнае фота: ДМК

7 студзеня, Позірк. Іск праз грузавы транспарт, які захрас у Беларусі, мае быць скіраваны супраць Мінска, а не Вільнюса, заявіла журналістам 7 студзеня прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене на фоне намеру літоўскіх перавозчыкаў прыцягнуць да адказнасці ўрад уласнай краіны.

Паводле слоў чыноўніцы, якую цытуе партал навін Delfi, ад моманту часовага закрыцця ўсходняй мяжы летась увосені літоўскія ўлады “дакладна заяўлялі, што ўсе цягачы з беларускага боку будуць прапушчаныя назад дадому, у Літву”.

“Беларускі бок затрымаў цягачы і дагэтуль не мае і не тлумачыць прававыя падставы, паводле якіх гэта было зроблена”, — сказала Ругінене.

Кіраўніца урада Літвы адзначыла, што “перавозчыкаў просяць прадаставіць дакладныя звесткі пра цягачы, якія захраслі на беларускім баку”. Акрамя таго, лічыць яна, перавозчыкі самі павінны “правесці інвентарызацыю сваіх цягачоў”.

“На сённяшні дзень цыркулююць розныя лічбы, адбываюцца розныя маніпуляцыі лікамі, але рэальнай інвентарызацыі так і няма, — канстатавала чыноўніца. — Пакуль няма рэальнай інвентарызацыі, я нават не ўяўляю, як можна падлічыць шкоду. <…> Усе павінны дакладна выканаць сваю хатнюю працу і ўбачыць рэальныя лічбы — тады можна будзе казаць далей”.

Напрыканцы кастрычніка 2025 года Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Пагранпераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. Паведамлялася, што ў Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перагаворы з Вільнюсам па гэтым пытанні маюць весціся на палітычным узроўні.

23 снежня Ругінене заявіла, што значная колькасць грузавых аўтамабіляў, якія раней захраслі ў Беларусі, ужо працягвае працаваць, курсуючы паміж краінамі. Паводле слоў намесніцы кіраўніка Мытнага дэпартамента Літвы Давіле Краўлайдэне, на 9 снежня Мінск утрымліваў 91 грузавік і 49 прычэпаў, якія належаць Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў (LINAVA), а таксама 28 грузавікоў і 17 прычэпаў, не звязаных з аб’яднаннем.

Сама асацыяцыя публічна сцвярджае, што гаворка ідзе пра значна большую колькасць грузавікоў. Аналагічную інфармацыю распаўсюджвалі беларускія дзяржСМІ, якія заяўлялі, што ўсе літоўскія грузавыя аўтамабілі, што не змаглі выехаць з Беларусі падчас закрыцця Вільнюсам пунктаў пропуску на мяжы, знаходзяцца на адмысловых ахоўных стаянках.

5 студзеня 2026 года кіраўнік LINAVA Эрландас Мікенас паведаміў, што асацыяцыя рыхтуе калектыўны іск у дачыненні да ўрада Літвы. “Ніякіх зрухаў, што тычыцца вяртання фур, мы не маем. Няма ніякіх навін ні з Беларусі, ані з боку ўрада”, — заявіў ён.

Падзяліцца: