Мінск 02:24

Пачаўся знос будынкаў “Валадаркі” — былога мінскага СІЗА № 1

Фота: blizko.by

6 студзеня, Позірк. Пра пачатак работ па зносе ў Мінску будынкаў Пішчалаўскага замка (былы следчы ізалятар № 1) паведамляе партал blizko.by.

На тэрыторыі СІЗА № 1 плануецца захаваць пяць будынкаў, паведаміў 24 сакавіка 2025 года дырэктар КУП “Мінская спадчына” Аляксандр Кохан падчас аператыўнай нарады ў Мінгарвыканкаме.

Паводле яго слоў, “адзінаму замку” ў Мінску ў 2025-м спаўняецца 200 гадоў, адносна яго рэканструкцыі “быў праведзены шэраг комплексных навуковых даследаванняў”. “Архітэктурна-планіровачная канцэпцыя” ўзгоднена, сказаў Кохан.

На ніжніх паверхах згаданых будынкаў, дадаў ён, “плануецца размясціць аб’екты грамадскага харчавання, аператарамі якіх выступяць дзяржаўныя прадпрыемствы”.

На іншых паверхах, паводле яго слоў, “мяркуецца размясціць адміністрацыйныя памяшканні”.

Акрамя гэтага, праект рэканструкцыі комплексу прадугледжвае “пляцоўку для культурна-масавых мерапрыемстваў”.

Раней паведамлялася, што 2 жніўня 2024 года з удзелам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова адкрыўся новы комплекс будынкаў СІЗА № 1 упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Мінску і Мінскай вобласці.

Комплекс размяшчаецца на тэрыторыі прысталічнай прамысловай зоны “Калядзічы” каля вёскі Пашковічы ў Мінскім раёне.

У новы комплекс СІЗА пераехала ў красавіку таго ж года з Пішчалаўскага замка на вул. Валадарскага ў Мінску (адсюль неафіцыйная назва “Валадарка”).

Узвесці “комплекс будынкаў і збудаванняў” следчага ізалятара, рэспубліканскай агульнасаматычнай бальніцы і спадарожнай інфраструктуры ў прамзоне “Калядзічы” Аляксандр Лукашэнка даручыў яшчэ 7 чэрвеня 2010 года ўказам № 288. Чакалася, што бальніцу пабудуюць да 2013 года, ізалятар — да 2015-га, але планы штогод пераносіліся.

Многія гады на “Валадарцы” ўтрымліваліся грамадзяне, якіх рэжым Лукашэнкі пераследваў па палітычных матывах.

Падзяліцца: