Мінск 23:54

У 2026 годзе з дзяржпадтрымкай мае быць пабудавана 238,3 тыс. кв м жылля — пастанова ўрада

Ілюстрацыйнае фота: Artem Labunsky / unsplash.com

6 студзеня, Позірк. У 2026 годзе ў Беларусі з дзяржаўнай падтрымкай мае быць пабудавана 238,3 тыс. квадратных метраў жылля, вынікае з пастановы Савета міністраў, пра падпісанне якой 6 студзеня паведаміла прэс-служба ўрада.

Дакументам вызначаныя заданні па будаўніцтве жылля на дзяржаўную замову — 407,4 тыс. кв. м; арэнднага жылля — 650 тыс. кв. м; жылля, у якім для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы выкарыстоўваецца электраэнергія — 315 тыс. кв. м; жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання — 22,9 тыс. кв. м.

Акрамя таго, пастанова прадугледжвае, што 5,93 тыс. шматдзетных сем’яў павінны быць забяспечаныя жыллём у адпаведнасці з патрабаваннем пра накіраванне такіх сем’яў на паляпшэнне жыллёвых умоў на працягу аднаго года з дня пастаноўкі на ўлік у якасці асоб, што маюць у тым патрэбу.

Чакаецца, што на будаўніцтва інфраструктуры да жылля будзе выдзелена 1 млрд 341 млн 908 тыс. рублёў.

Будаўніцтва арэнднага жылля ўваходзіць у пяцёрку галоўных прыярытэтаў урада на 2026–2030 гады. Як раней заяўляў міністр эканомікі Юрый Чабатар, па арэндным жыллі “ўся заканадаўчая база ўжо ў гэтым годзе створаная”: “Людзі ведаюць, на якіх падставах, на якіх правілах можна будзе [яго] выкупляць. Адпаведны ўказ прыняты. Указ прыняты і пра тое, на якіх умовах прадпрыемствы будуць крэдытавацца для стварэння свайго арэнднага жыллёвага фонду”.

Падзяліцца: