Мінск 08:24

Ад пачатку года ў Беларусі адбылося 95 пажараў, загінула 14 чалавек

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

5 студзеня, Позірк. Ад пачатку 2026 года ў Беларусі адбылося 95 пажараў — на 2,1% менш, чым за аналагічны перыяд 2025-га (97), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз аператыўных даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Загінула 14 чалавек (-26,3%; 19), траўмавана — 6 (-40%; 10), выратавана на пажарах — 3 (-50%; 6).

У гадавым вымярэнні на 2,9% вырасла колькасць пашкоджаных будынкаў — 70 супраць 68.

Паводле інфармацыі ведамства, 4 студзеня ў 21:22 паступіла паведамленне пра пажар у кватэры аднапавярховага двухкватэрнага жылога дома ў Полацку (Віцебская вобласць). У жыллі знойдзеная загінулая гаспадыня 1938 года нараджэння.

Раней у той жа дзень на балконе кватэры на трэцім паверсе дзевяціпавярховага дома ў Бабруйску (Магілёўская вобласць) разарваўся газавы балон (аб’ём — 0,52 л). Вынік — выбітая балконная рама, пашкоджана маёмасць, ашалёўка балкона і аконны блок у кухні. Адзначаецца, што “цэласнасць апорных канструкцый дома не парушаная”.

Падзяліцца: