Мінск 23:07

Супраць 39-гадовага мінчука распачатая крымінальная справа за вырошчванне ў кватэры марыхуаны

Відэа: ГУУС Мінгарвыканкама Стоп-кадр: “Позірк”

3 студзеня, Позірк. Аб затрыманні ў Мінску 39-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка, які “па месцы жыхарства арганізаваў памяшканне для вырошчвання нарказмяшчальных раслін”, паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.

“Падчас агляду кватэры затрыманага аператыўнікі выявілі і канфіскавалі: тры палімерныя ёмістасці з раслінамі роду “Сannabis”, прадметы для іх вырошчвання, а таксама звыш паўкілаграма марыхуаны і прыстасаванні для курэння”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Затрыманы растлумачыў, што сам ужывае наркотыкі. У інтэрнэце ён вывучыў спосабы вырошчвання канопляў, набыў неабходныя для гэтага прыстасаванні, пасля чаго абсталяваў памяшканне, дзе даглядаў расліны. Атрыманы “ўраджай” фігурант планаваў выкарыстоўваць для асабістага спажывання”, — адзначае ГУУС.

Паведамляецца аб узбуджэнні крымінальнай справы.

“Правяраецца дачыненне фігуранта да збыту наркатычных сродкаў”, — падкрэсліваецца ў рэлізе.

За першыя шэсць месяцаў 2025 года колькасць асуджаных паводле “антынаркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса (327–332) павялічылася на 2,9% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, вынікае з даных Вярхоўнага суда.

У студзені — чэрвені за здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, асуджана 1.092 чалавекі, за першую палову 2024-га — 1.061.

З гэтай колькасці паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) асуджана 1.005 чалавек, або 92% (за той жа леташні перыяд — 1.011, або 95,3%).

Паводле першай часткі згаданага артыкула вінаватымі прызнана 645 асоб (64,2% асуджаных паводле арт. 328). З іх да абмежавання волі прыгаворана 442, да пазбаўлення волі — 79, арышту — 34, аштрафавана — 3.

Падзяліцца: