За 2025 год Літва перахапіла 635 аэрастатаў з кантрабандай з Беларусі — амаль утрая больш, чым у 2024-м

1 студзеня, Позірк. За 2025 год Літва перахапіла 635 паветраных шароў з кантрабандай з Беларусі, паведамляе партал LRT, што перадрукаваў даныя, якія літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) перадала агенцтву ELTA.
Гэта ў 2,8 раза больш, чым за 2024 год, калі было перахоплена 226 такіх аэрастатаў. Адметна, што ў 2023-м іх было ўсяго тры.
Акрамя таго, супрацоўнікі САДМ летась пасадзілі 59 дронаў з кантрабандай з Беларусі (у 2024-м — 54).
За 2025 год вынята больш як 1,4 млн пачкаў цыгарэт, нелегальна дастаўленых з Беларусі па паветры. Памежнікі затрымалі 122 чалавекі, якія, як мяркуецца, звязаныя з гэтай дзейнасцю (у 2024-м — 46).
Афіцыйны прадстаўнік САДМ Гедрус Мішуціс заявіў, што ў апошні раз аэрастаты з кантрабанднымі цыгарэтамі былі перахопленыя 20 снежня. Пасля выпадкаў прылёту паветраных шароў не фіксаваліся.
“Вецер мае вырашальнае значэнне — узнятыя ў паветра шары з’яўляюцца некіравальнымі, і толькі вецер пераносіць іх, — патлумачыў прычыну Мішуціс. — Калі вецер неспрыяльны, шары ніяк не змогуць заляцець у Літву. На розных вышынях кірунак і сіла ветра могуць адрознівацца, таму кантрабандысты імкнуцца разлічыць, каб запушчаны ў Беларусі шар паляцеў у іншую краіну”.
Яшчэ адной прычынай можа быць удар літоўскіх праваахоўнікаў па групе, што, як сцвярджаецца, звязаная з нелегальным транспартаваннем тытунёвай прадукцыі з Беларусі паветраным шляхам.
Нагадваецца, што ў сярэдзіне снежня была праведзеная аперацыя, у рамках якой затрымалі 21 чалавека. Праведзена звыш 80 вобшукаў — вынятыя цыгарэты з беларускімі акцызнымі маркамі, SIM-карты, блакатары сродкаў сачэння і сувязі, агнястрэльная зброя ды іншае. Акрамя таго, вынятая і арыштавана маёмасць на суму каля 720 тыс. еўра, у тым ліку аўтамабілі прэміум-класа ды іншыя каштоўнасці.
“Мяркуецца, што арганізатары наўпрост падтрымлівалі сувязь з саўдзельнікамі, якія дзейнічалі ў Беларусі, адкуль пры спрыяльных умовах надвор’я запускаліся паветраныя шары з кантрабандай, — гаворыцца ў матэрыяле. — З выкарыстаннем абсталявання сачэння (GPS) і адпаведных праграм адсочвалася перамяшчэнне шароў, а выканаўцам перадаваліся дакладныя каардынаты іх прызямлення ў Літве. Для сувязі падазраваныя выкарыстоўвалі розныя прыкладанні з двухбаковым шыфраваннем (End-to-end encryption, E2EE), а атрыманыя паведамленні аўтаматычна выдаляліся загадзя зададзеным спосабам”.
Як паведамляў “Позірк“, напрыканцы кастрычніка 2025 года Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.
Пагранпераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. Паведамлялася, што ў Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.
Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перагаворы з Вільнюсам па гэтым пытанні маюць весціся на палітычным узроўні. Лукашэнка 9 снежня агучыў некаторыя патрабаванні беларускага боку для вырашэння сітуацыі.
Літва (прынамсі публічна) спрабуе пазбегнуць гэтага. Такія кантакты, на думку ўладаў балтыйскай дзяржавы, будуць азначаць легітымацыю беларускага рэжыму.
Апошні раз абмежаванне паветранай прасторы над аэрапортам Вільнюса ў сувязі з уварваннем у паветраную прастору метэазондаў з кантрабанднай беларускай тытунёвай прадукцыі ўводзілася 6 снежня. З 9 снежня ў краіне абвешчаны рэжым экстрэмальнай сітуацыі.

- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаУ апошні дзень 2025 года Літва зафіксавала 3 спробы незаконнай міграцыі з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 30–31 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка


