Мінск 04:03

Ціханоўская: У мінулым я хацела б пакінуць пасінелыя пальцы аднаго дзеда, але, здаецца, яны збіраюцца з намі ў новы год

Святлана Ціханоўская падчас навагодняга звароту
Відэазапіс: Офіс Святланы Ціханоўскай / стоп-кадр: "Позірк"

1 студзеня, Позірк. “Сённяшняя ўлада няздольная нічога даць людзям, а толькі забірае. І, канешне, як і многія беларусы, у мінулым я хацела б пакінуць пасінелыя пальцы аднаго дзеда (Аляксандра Лукашэнкі. — “Позірк.), але, здаецца, яны ўсё яшчэ чапляюцца і збіраюцца з намі ў новы год”, — заявіла Святлана Ціханоўская ў навагоднім звароце да суайчыннікаў.

Паводле слоў дэмлідара, у мінулым годзе яна б пакінула “пустыя спрэчкі, рознагалоссі, крыўды, якія нас раз’ядноўваюць, брахню з тэлеэкранаў, амаральную ваенную прапаганду, ура-патрыятызм і бясконцы пошук ворагаў, арышты, звальненні, абсурдныя забароны ўладаў і “законатворчасць”, якая не мае нічога супольнага з законам, усю тую несправядлівасць, якую адчувае кожны беларус”.

“Рэжым гэта ўсё робіць, каб утрымацца”, — адзначыла палітык.

Яна заявіла, што бярэ ў 2026 год “тыя важныя справы, якія нам трэба працягваць”. “Тое, што робяць нашы праваабаронцы, падтрымліваючы тых, хто трапіў у бяду. Журналісты, якія даносяць праўду. Людзі культуры, якія зберагаюць нашу мову, памяць і нацыянальную ідэнтычнасць. Настаўнікі, што вучаць дзяцей думаць. Дактары, якія ратуюць жыцці. Прадпрымальнікі, якія знаходзяць рашэнні і даюць перспектыву. Рабочыя, якія ствараюць наш дабрабыт. Людзі зямлі, якія кормяць краіну. Вы ўсе патрэбныя Беларусі”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Галоўным словам у новым годзе для яе будзе “надзея”: “Надзея, што скончыцца вайна — гэтая несправядлівая, разбуральная вайна. Спыняцца абстрэлы. Сем’і ўз’яднаюцца. Вернецца мір ва Украіну і Беларусь нарэшце перастане быць закладніцай тыранаў. <…> Нам не патрэбныя начальнікі ці «старэйшыя браты», якія ведаюць лепш. Беларусы самі здольныя разабрацца і пабудаваць краіну для жыцця”.

“Хтосьці па-ранейшаму суцяшае сябе: “Затое ў нас няма вайны”. Але дроны працягваюць лётаць у нашым небе. Будуюцца ваенныя заводы, снарады для краіны-агрэсара. Размяшчаюць “Арэшнік” і ядзерную зброю, ператвараючы Беларусь у ваенную мішэнь. Улады ўсё больш заганяюць краіну ў ізаляцыю і правакуюць суседзяў на закрыццё межаў”, — заявіла дэмлідар.

Паводле яе слоў, за агрэсіўнымі дзеяннямі рэжыму свет не бачыць самае каштоўнае, што ёсць у Беларусі, — людзей, “якія супраць вайны, не прымаюць гвалту і хочуць проста нармальна жыць”.

Ціханоўская падзякавала “ўсім беларусам, якія не здрадзілі прынцыпам, каштоўнасцям і перакананням”. Яна заклікала “будаваць масты”, “пакуль дыктатары ўзводзяць сцены”, “не дзяліць на сваіх і чужых, на тых, хто выехаў ці застаўся”. “Не шукаць вінаватых адно ў адным. А шукаць тое, што яднае і ўзмацняе наш народ. Адзінства дало нам сілу тады, у 20-м. Але асабліва важна яднацца цяпер, калі галоўнай задачай рэжыму стала нас падзяліць”, — падкрэсліла палітык.

Яна адзначыла, што “сёння нарэшце за нашым святочным сталом можам вітаць тых, каго не было з намі пяць гадоў”. “Гэта той цуд, якога дабіліся мы разам з вамі і нашы саюзнікі”, — дадала дэмлідар.

Навагодні зварот яна запісала разам з вызваленымі і вывезенымі з Беларусі палітвязнямі Марыяй Калеснікавай і Паўлам Севярынцам.

Падзяліцца: